2017-01-06 14:48:00

Францішак: не дастаткова прысвячаць Богу толькі рэшткі часу


Ісці сярод мноства падаючых у свеце зорак за заўсёды ззяючай зоркай Езуса, заклікаў папа Францішак вернікаў 6 студзеня 2017 г. перад малітвай “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра. У сваім кароткім разважанні Святы Айцец адзначыў, што “не дастаткова ведаць, што Бог нарадзіўся, калі разам з Ім не адбываецца Божага Нараджэння ў сэрцы”.

“Сёння мы адзначаем ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, што значыць публічнага з’яўлення Езуса, які ззяе як святло для ўсіх народаў, - сказаў Пантыфік. - Сімвалам гэтага святла, якое ззяе ў свеце і жадае асвясціць жыццё кожнага, з’яўляецца зорка, што вяла Мудрацоў у Бэтлеем. Яны, кажа Евангелле, “бачылі зорку Ягоную” (Мц 2,2) і вырашылі пайсці за ёй: вырашылі, каб іх вяла зорка Езуса.

У нашым жыцці таксама існуюць розныя зоркі, агні, якія ззяюць і ўказваюць шлях. Мы павінны выбраць за якім з іх ісці. Напрыклад, існуюць міргаючыя агні, якія прыходзяць і адыходзяць, як малыя жыццёвыя прыемнасці: нават калі і добрыя, але не дастатковыя, таму што нядоўга трываюць і не пакідаюць спакою, якога шукаем. Існуюць таксама асляпляльныя агні рампы, грошай і поспеху, якія абяцаюць усё адразу: яны спакушаюць, але сваёй сілай асляпляюць і робяць так, што пераходзім ад мараў аб славе да самай глыбокай цемры. Мудрацы, аднак, заклікаюць ісці за трывалым святлом, лагодным святлом, якое не гасне, бо не паходзіць з гэтага свету: паходзіць з Неба і ззяе ў сэрцы. 

Гэта сапраўднае святло з’яўляецца святлом Пана, ці лепш, самім Панам. Ён – наша святло: святло, якое не асляпляе, але спадарожнічае і дае выключную радасць. Гэта святло для ўсіх і яно кліча кожнага: такім чынам мы можа пачуць скіраваны да нас сённяшні заклік прарока Ісаі: “Устань, свяціся” (Іс 60,1). Так казаў Ісая, прадказваючы гэту сённяшнюю радасць Ерузалема: “Устань, свяціся”. 

На пачатку кожнага дня мы можам прымаць гэта запрашэнне: “устань, свяціся”, ідзі сёння сярод мноства падаючых у свеце зорак за ззяючай зоркай Езуса! Ідучы за ёй, мы атрымаем радасць, як адбылося з мудрацамі, якія “ўбачыўшы зорку, вельмі ўзрадаваліся” (Мц 2,10), бо там дзе ёсць Бог, там ёсць радасць. Хто сустрэў Езуса спазнаў цуд святла, якое разрывае цемру, якое асвятляе і праясняе. Я б хацеў з вялікай пашанай заклікаць усіх не баяцца гэтага святла і адкрыцца на Пана. Асабліва я б хацеў звярнуцца да тых, хто згубіў сілы, каб шукаць, хто стаміўся, хто быў апанаваны цемрай жыцця, у каго згасла прагненне: “Устань, адважней, святло Езуса здольнае перамагчы самую непраглядную цемру! Устань, адважней!”.

Як знайсці гэта Боскае святло? Пойдзем за прыкладам Трох Мудрацоў, якіх Евангелле заўсёды апісвае як тых, хто знаходзіцца на шляху. Хто прагне святла, па-сапраўднаму, выходзіць за свае рамкі і шукае: не застаецца ў закрытасці, непарушна гледзячы на тое, што адбываецца навокал, але рызыкуе ўласным жыццём. Хрысціянскае жыццё з’яўляецца пастаянным пілігрымаваннем, якое складаецца з надзеі і пошуку; гэта пілігрымка, падобная на пілігрымку Мудрацоў, яна працягваецца нават калі зорка на хвіліну знікае з поля зроку. На гэтай дарозе прысутнічаюць таксама пэўныя пасткі, якіх трэба пазбягаць: павярхоўнае і марнае пляткарства, якое запавольвае крок; паралізуючыя капрызы эгаізму; букеты песімізму, якія зводзяць у пастку надзею. Гэтыя перашкоды заблакавалі кніжнікаў, аб якіх кажа сённяшняе Евангелле. Яны ведалі, дзе было святло, але не выйшлі ў дарогу. Калі Ірад спытаў у іх: “Дзе павінен нарадзіцца Месія?”, адказалі: “У Бэтлееме!”. Яны ведалі, але не вырушылі. Іх веды былі пустымі: яны ведалі шмат, але гэта было непатрэбна. Усё было марным. Не дастаткова ведаць, што Бог нарадзіўся, калі разам з Ім не адбываецца Божага Нараджэння ў сэрцы. Бог нарадзіўся, гэта праўда, але ці нарадзіўся Ён у тваім сэрцы, ці нарадзіўся ў маім сэрцы, у нашых сэрцах? Такім чынам знойдзем Яго, як мудрацы, разам з Марыяй і Юзафам, у яслях.

Мудрацы зрабілі гэта: знайшлі Дзіцятка, “упаўшы, пакланіліся Яму” (Мц 2,11). Яны не толькі глядзелі на Яго, не толькі адпаведна памаліліся, каб адразу пайсці далей, але сузіралі: увайшлі ў асабістую еднасць любові з Езусам. Затым яны ахвяравалі Яму золата, кадзіла і міру, або свае самыя каштоўныя рэчы. Навучымся ад мудрацоў, каб не прысвячаць Езусу толькі рэшткі часу і некалькі думак час ад часу, бо так не атрымаем Ягонага святла. Як мудрацы, выйдзем у пілігрымку, апранемся ў святло ідучы за зоркай Езуса і будзем адараваць Яго ўсёй душою”, - сказаў Папа.

Пасля марыйнай малітвы Францішак скіраваў віншаванні з Божым Нараджэннем вернікам, якія адзначаюць гэтую ўрачыстасць па юліянскім календары. Прысутным на плошчы св. Пятра вернікам былі раздадзены невялікія кнігі “Іконы міласэрнасці”, а бедным – пачастункі і гарачая гарбата.








All the contents on this site are copyrighted ©.