2017-01-03 12:33:00

Францішак напісаў ліст да ўсіх біскупаў свету


Францішак напісаў ліст да біскупаў. Датаваны 28 снежня – святам святых Немаўлят – ён пачынаецца вельмі асабіста – са звароту: “Дарагі Брат”. У ім Папа выказаў шкадаванне, што ёсць выпадкі выкарыстання непаўналетніх духавенствам, і заклікаў іерархаў, гарантаваць, каб падобныя злачынствы ніколі больш не паўтарыліся.

Ён спаслаўся на святочны час Божага Нараджэння і радасць, якую ён з сабой прыносіць. “Як пастыры, мы пакліканы дапамагчы ў развіцці радасці пасярод нашага народу. Мы пакліканы клапаціцца аб гэтай радасці. Я хацеў бы яшчэ раз разам з Табой выказаць заахвочванне, каб мы не дазволілі скрасці ў сябе гэтай радасць, таму што часта мы расчароўваемся – і не без падстаў – рэальнасцю, Касцёлам, і нават сабой, адчуваем спакусу прыхільнасці да саладкаватага смутку без надзеі, які завалодвае сэрцам”, - напісаў Папа да біскупаў ва ўсім свеце.

Пантыфік з жалем заўважыў, што святочныя дні прыходу Божага Сына на свет азмрочаны слёзамі. І евангелісты не хаваюць гэтай рэальнасці, бо для іх Божае Нараджэнне не было нейкім прытулкам, дзе можна схаваць перад абліччам выклікаў і несправядлівасці часу. Яны абвяшчаюць нараджэнне Божага Сына, акружанае трагедыяй пакут. Гэта крык болю маці, якія смуткуюць аб смерці сваіх нявінных дзяцей ва ўмовах тыраніі і неўтаймаванай смагі ўлады Ірада.

Гэты стогн, заўважыў Папа, мы можам пачуць і сёння. “Сёння, на жаль, сярод нашага народу, - і я пішу гэта з глыбокім сумам – чуюцца крыкі і слёзы шматлікіх маці, шматлікіх сем’яў з-за смерці іх дзяцей, іх нявінных дзяцей”, напісаў ён.

“Сузіранне ясляў, гэта таксама сузіранне гэтага плачу і спроба навучыцца слухаць тое, што адбываецца навокал, мець сэрца адчувальнае і адкрытае да пакут бліжняга, асабліва, калі гаворка ідзе пра дзяцей”, - лічыць Францішак. “Ці можна жыць хрысціянскай радасцю, адвярнуўшыся да гэтых рэалій? Ці можна здабыць хрысціянскую радасць, абыходзячы бокам стогн брата, стогн дзяцей?”, - спытаў ён.

Пантыфік паставіў у прыклад св. Юзафа, узор чалавека паслухмянага, вернага, адчувальнага, якім стаў дзякуючы сваёй здольнасці слухаць голас Бога і прымаць місію, якую Айцец даручыў яму. Сённяшнія пастыры павінны рабіць тое ж, перакананы Францішак: яны павінны ўмець слухаць людзей, не быць глухімі да голасу Бога, адчуваць рэальнасць. Сёння трэба бараніць хрысціянскую радасць ад “сучасных ірадаў”, якія “пажыраюць нявіннасць нашых дзяцей” праз незаконную і рабскую працу, прастытуцыю і эксплуатацыю, войны і прымушэнне да міграцыі. “Тысячы нашых дзяцей трапляюць у рукі бандытаў, мафіі, купцоў смерці, якія толькі пажыраюць і эксплуатуюць іх патрэбы”, - заўважыў Папа. У барацьбе з гэтымі “сучаснымі ірадамі”, падкрэсліў ён, патрэбна мужнасць св. Юзафа.

У сваім лісце да біскупаў Пантыфік прыводзіць сумную статыстыку: у цяперашні час 75 мільёнам дзяцей прыйшлося спыніць навучанне па прычыне катастроф і хранічных крызісаў, у 2015 г. дзеці складалі каля 68% усіх ахвяр гандлю людзьмі ў мэтах сексуальнай эксплуатацыі, прычынай смерці амаль паловы дзяцей, якія памерлі ва ўзросце да 5 гадоў з’яўляецца недастатковае харчаванне, у 2016 г. 150 мільёнаў дзяцей былі вымушаны працаваць, многія з іх жывуць у няволі. Згодна з апошняй справаздачай, падрыхтаванай ЮНІСЕФ, калі сітуацыя ў свеце не зменіцца, то у 2030 г. 167 мільёнаў дзяцей будуць жыць ва ўмовах крайняй галечы, 69 мільёнаў ва ўзросце да 5 гадоў памруць паміж 2016 і 2030 гг., 60 мільёнаў дзяцей не атрымаюць адукацыю базавага ўзроўню.

“Давайце пачуем плач і стогн дзяцей. Паслухаем плач і крыкі Маці Касцёла, якая аплаквае не толькі пакуты, якія прычыняюцца самым малым яе дзецям, але і таму, што ведае грэх некаторых сваіх членаў: пакуты, гісторыю і боль непаўналетніх, якія падвергліся сексуальнаму выкарыстанню святарамі. Грэх, які ганьбіць нас. Людзі, якія неслі адказнасць за апеку над гэтымі дзецьмі, знішчылі іх годнасць. Мы выказваем глыбокае шкадаванне з-за гэтага і просім прабачэння. Мы падзяляем смутак ахвяраў і з нашага боку аплакваем грэх”, - напісаў Францішак. Ён заклікаў біскупаў прыкласці ўсе намаганні, каб такія злачынствы ніколі больш у Касцёле не адбываліся. Папа паўтарыў свой заклік: “нуль талерантнасці” ў гэтай галіне.

Хрысціянская радасць – гэта не тая радасць, якая будуецца на краі рэальнасці, абмінаючы яе або робячы выгляд, што яна не існуе, падкрэсліў у заключнай частцы свайго ліста Пантыфік. Хрысціянская радасць нараджаецца з паклікання – таго ж, што атрымаў св. Юзаф – “узяць” і абараніць жыццё, асабліва жыццё “святых немаўлят” сучаснасці. 

Божае Нараджэнне – гэта час, які заклікае нас бараніць жыццё і дапамагчы яму нарадзіцца і вырасці; быць мужнымі, каб паглядзець на рэальнасць, у якой жывуць многія дзеці і забяспечыць неабходныя ўмовы для рэалізацыі і абароны іх годнасці, як дзяцей Божых. “Не дазволім, каб у іх скралі радасць. Не дазволім, каб радасць скралі ў нас. Будзем яе сцерагчы і дапаможам ёй развівацца”, - заклікаў Францішак у сваім пасланні да біскупаў свету.








All the contents on this site are copyrighted ©.