2017-01-03 13:14:00

Пантыфік прыме ў Ватыкане пацярпелых ад землятрусу


5 студзеня 2017 г., напярэдадні урачыстасці Аб’яўлення Пана, Францішак прыме ў Ватыкане каля 800 італьянцаў з тэрыторый, пацярпелых ад жнівеньскага і кастрычніцкага разбуральных землятрусаў. На сустрэчу прыбудуць тыя, хто страціў блізкіх, дамы, фінансавую стабільнасць, былі вымушаныя перасяліцца з сваёй роднай зямлі, паведаміў пастыр дыяцэзіі Спалета-Норчыа, арцыбіскуп Рэната Бакарда. Папа жадае сустрэцца з людзьмі, якіх розным чынам параніў землятрус і якія чакаюць суцяшэння і надзеі. У аўдыенцыі прымуць удзел таксама прадстаўнікі ўладаў і служб, задзейнічаных у дапамогу пацярпелым ад землятрусу.

4 кастрычніка 2016 г. Францішак асабіста наведаў мясцовасці ў цэнтральнай Італіі, пацярпелыя ў выніку моцнага землятрусу. У Аматрычэ – італьянскім горадзе ў рэгіёне Лацыа, амаль поўнасцю разбураным пасля бедства, ён сустрэўся з дзецьмі, наведаў зону, зачыненую па меркаваннях бяспекі, паразмаўляў пра сітуацыю з пажарнымі і прадстаўнікамі праваахоўных органаў.

У дзень моцнага землятрусу, які застаў людзей ноччу, 24 жніўня 2016 г., Францішак падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане замест традыцыйнай катэхезы правёў ружанцовую малітву ў інтэнцыі ахвяр.

Францішак прызнаўся жыхарам Аматрычэ, што з першага моманту адчуваў, што павінен прыехаць сюды, каб проста сказаць пра сваю блізкасць да людзей і малітву за іх. “Блізкасць і малітва – гэта мой дар для вас”, - сказаў ён тады і дадаў: “Трэба ісці наперад! Заўсёды ёсць будучыня! Так шмат блізкіх, якія пакінулі нас, загінулі пад абломкамі. Давайце маліцца за іх да Маці Божай. Давайце рабіць гэта разам. Заўсёды трэба глядзець у будучыню. Наперад, мужна, дапамагаючы адно аднаму. Лепш ісці разам, у адзіночку гэта не магчыма!”.








All the contents on this site are copyrighted ©.