2017-01-02 12:39:00

Новая Дыкастэрыя пачала працу ў Ватыкане


Самая новая ўстанова Рымскай курыі – Дыкастэрыя па служэннi iнтэгральнаму развіццю чалавека – пачала працаваць з 1 студзеня 2017 г. Яе ўзначаліў кардынал Пітэр Тарксан. У рамках рэформы Курыі яна паўстала шляхам зліцця існуючых Папскіх радаў: “Iustitia et Pax”, “Cor Unum”, пастырства работнікаў сферы аховы здароўя і пастырства эмігрантаў і падарожнікаў. Яе секцыю па справах бежанцаў узначаліць сам папа Францішак.

У апублікаваным 31 жніўня 2016 г. Апостальскім лісце ў форме “Motu proprio” адзначаецца, што “ўсім сваім існаваннем і дзейнасцю Касцёл пакліканы спрыяць інтэгральнаму развіццю чалавека ў святле Евангелля”, якое “ажыццяўляецца праз клопат аб бясцэнных каштоўнасцях справядлівасці, міра і аховы стварэння”.

Кампетэнцыі новай Дыкастэрыі будуць распаўсюджвацца на пытанні міграцыі, патрабуючых, хворых і выключаных, ахвяр узброеных канфліктаў і стыхійных бедстваў, зняволеных, беспрацоўных і ахвяр любой формы рабства і катаванняў.

У статуце ўстановы, зацверджаным Папам „ad experimentum”, гаворыцца, што сакратаром і падсакратаром у ёй могуць быць свецкія вернікі. У дакуменце таксама падкрэсліваецца цесная сувязь новай Дыкастэрыі з Дзяржаўным сакратарыятам Святога Пасаду, які валодае выключнай кампетэнцыяй у пытаннях, што тычацца адносін з краінамі і іншымі суб’ектамі міжнароднага публічнага права. Акрамя таго, яна павінна падтрымліваць цесныя сувязі з Папскай акадэміяй сацыяльных навук. У рамках Дыкастэрыі будуць створаны камітэты: па справах дабрачыннасці, экалогіі, медыцынскіх работнікаў, якія будуць дзейнічаць у адпаведнасці са сваімі нормамі.

Дыкастэрыя па служэннi iнтэгральнаму развіццю чалавека таксама будзе мець паўнамоцтвы ў дачыненні да “Caritas Internationalis” і стварэння і забеспячэння дзейнасці міжнародных асацыяцый і дабрачынных фондаў, у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.

Трэба нагадаць, што ў рамках рэформы Рымскай курыі з 1 верасня 2016 г. працуе Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям’і і жыцця, якая замяніла сабой Папскія рады па справах свецкіх і па справах сям’і. Яе ўзначальвае кардынал Кэвін Джозэф Фарэл з ЗША. Місія ўстановы – пашыраць і рэалізаваць у асяроддзі Касцёла праекты, якія датычаць інстытута сужэнства і сям’і, апостальства свецкіх вернікаў і абароны жыцця.

З новага года таксама ватыканскія сродкі масавай камунікацыі перажываюць значныя змены. З 1 студзеня 2017 г. былі аб’яднаныя адміністрацыі Ватыканскага радыё і Ватыканскага тэлецэнтра. Гэтыя раней асобна існуючыя СМІ, падлягаючы ўпраўленню Сакратарыята па справах камунікацыі, стануць  часткай Рымскай курыі.

Рэформы, якія будуць праходзіць на працягу наступных трох гадоў, уключаць у сябе, акрамя Ватыканскага радыё і Ватыканскага тэлецэнтра, усе іншыя сродкі масавай камунікацыі Святога Пасаду.








All the contents on this site are copyrighted ©.