2017-01-02 11:45:00

З 2017 года кожны месяц толькі адна папская інтэнцыя


З 2017 года на кожны месяц будзе прызначацца толькі адна папская інтэнцыя – па чарзе або евангелізацыйная, або агульная. У студзені мы молімся, у прапанаванай Францішкам евангелізацыйнай інтэнцыі: “Каб усе хрысціяне, захоўваючы вернасць вучэнню Пана, уключаліся праз малітву і братэрскую любоў у аднаўленне поўнай эўхарыстычнай камуніі і супрацоўнічалі, адказваючы на бягучыя выклікі, якія стаяць перад чалавецтвам”.

Прапанаваныя Пантыфікам думкі спасылаюцца на Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян, які будзе праходзіць 18 па 25 студзеня. Яго сёлетнім дэвізам стануць словы з Другога Паслання да Карынцянаў: “Прымірэнне – любоў Хрыста ахапіла нас” (2 Кар 5, 14).

Францішак часта кажа аб экуменічным супрацоўніцтве і намаганнях па аднаўленні поўнага адзінства ўсіх паслядоўнікаў Хрыста. Гэта тэма гучыць асаблівым чынам падчас сустрэч з хрысціянамі іншых канфесій у ходзе замежных падарожжаў або на аўдыенцыях у Ватыкане. 

Сюды на працягу многіх гадоў у студзені прыязджае экуменічная дэлегацыя з Фінляндыі, у якую ўваходзяць прадстаўнікі трох мясцовых Цэркваў: лютэранскай, каталіцкай і праваслаўнай. Так, 18 студзеня 2016г. Францішак падкрэсліў, што такія сумесныя ініцыятывы дапамагаюць лютэранам, праваслаўным і католікам адкрыць для сябе тое, што аб’ядноўвае, сведчыць аб Езусе Хрысце разам, што і з’яўляецца асновай адзінства. “У нашым дыялогу па-ранейшаму застаюцца некаторыя адрозненні ў дактрыне і практыцы. Аднак, гэта павінна нас не знеахвочваць, а, хутчэй, стымуляваць да імкнення да ўсё большага адзінства, пераадольваючы старыя канцэпцыі і перашкоды”, - сказаў тады Папа.

Трэба нагадаць, што ў мінулыя гады на кожны мецяц прызначаліся дзве папскія інтэнцыі, адна – агульная, другая – евангелізацыйная.








All the contents on this site are copyrighted ©.