Францішак не спрабуе знайсці тлумачэння пакутам, ён не апраўдвае Бога, але хоча размаўляць пра Бога, заўсёды блізкага да спакутаванага чалавецтва, сказаў у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё субрат Пантыфіка, італьянскі езуіт Антоніа Спадара, які лічыцца экспертам у навучанні Францішка. Галоўны рэдактар часопіса “Civiltà Cattolica” падкрэсліў, што яго ў Папу асабліва захапляе вялікі спакой.
Такім чынам італьянскі законнік патлумачыў стаўленне Святога Айца, якое спалучае цішыню і слуханне аб пакутах і складаных чалавечых перажываннях, як гэта адбывалася на востраве Лесбас, сярод людзей, якія пацярпелі ад землятрусу ў Італіі, а таксама ў былым канцлагеры “Аўшвіц”.
Двума стаўпамі пантыфікату Францішка эксперт лічыць “праніклівасць і міласэрнасць”. “Міласэрнасць прадугледжвае глыбокую рэформу, унутраную рэформу Касцёла, місійную, місійнае навяртанне, што Папа спрабуе прынесці ў Касцёл з самага пачатку свайго пантыфікату. Пра гэта ён пісаў падрабязна ў “Evangelii Gaudium”. У падставе міласэрнасці ляжыць перакананне, што нішто і ніколі не можа адлучыць нас ад любові Пана, Які заўсёды побач з намі, і пастаянна нас чакае. І гаворка ідзе аб тым, каб паказаць Боскае аблічча сучаснаму пакаленню, якое адчувае яго, як, магчыма, нешта крыху далёкае, як нешта пакрытае пылам. Міласэрнасць азначае, што дзверы сэрца Бога і Касцёла заўсёды адчыненыя”, - лічыць кс. Спадара.
У канцы інтэрв’ю ён звярнуў увагу на вялікі спакой Папы, нават у тых сітуацыях, якія не заўсёды яму падабаюцца: “Радыкальнае пагружэнне ў Бога дае яму гэты вялікі спакой, і гэта тое, што – калі шчыра – больш за ўсё робіць на мне ўражанне” – прызнаўся субрат Францішка.
All the contents on this site are copyrighted ©. |