2016-12-31 11:46:00

Пра вынікі 2016 года для Касцёла ў Беларусі


Падзеі ў Паўсюдным Касцёле сур’ёзна паўплывалі на жыццё Касцёла ў Беларусі ў 2016 г., лічаць святар, журналіст і рэлігіязнаўца, якіх Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё папрасіла падзяліцца сваім бачаннем вынікаў году.

Дацэнт, кандыдат філасофскіх навук, выкладчык рэлігіязнаўства ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Скарыны Віктар Адзіночанка сярод найбольш значных падзей адзначае сустрэчу папы Францішка з Патрыярхам Маскоўскім Кірылам: “Гэта гістарычная сустрэча, і яна мае вельмі вялікае значэнне таксама і для Касцёла ў Беларусі. Бо, як вядома, у нас спрадвеку жылі побач і праваслаўныя, і католікі, і пратэстанты, таму вельмі важна наладзіць дыялог паміж гэтымі канфесіямі. А гэтая сустрэча з’явілася вельмі моцным стымулам для дыялогу. І што тычыцца Касцёла ў Беларусі, добра, што ёсць узаемадзеянне паміж праваслаўнымі і католікамі, добра, што Касцёл расце, добра, што не было ў гэтым годзе канфліктаў з уладамі – не высылаліся ксяндзы. Тое ж можна сказаць і наконт касцёла ў Гомелі – ужо ёсць участак для новага храма, ёсць дазволы з боку ўладаў і ўзаемадзеянне з праваслаўнымі”, - падзяліўся эксперт.

Рэліліязнаўца ўзгадаў і пра сумныя вынікі вынікі году: хрысціяне зноў сталі рэлігійнай групай, якая найбольш пераследуецца ў свеце.

Канцлер курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кс. Дзмітры Пухальскі таксама спыніўся на важных падзеях у Касцёле: “Самае галоўнае, што сёлета перажываўся Год Божай міласэрнасці, з гэтай нагоды было вельмі шмат пілігрымак і ў Ватыкан, і па нашых беларускіх святынях. Таксама для Беларусі важным было прызначэнне новага Апостальскага нунцыя, ім стаў арцыбіскуп Габар Пінтэр. Важным элементам стала і святкаванне 25-годдзя аднаўлення структур Касцёла ў Беларусі. Бачым, што Касцёл за гэтыя гады развіваецца. Былі і новыя святарскія, дыяканскія пасвячэнні, а ў Жлобіне, Брэсце і іншых месцах былі асвечаны новыя святыні. Важным для грэка-каталіцкай супольнасці было асвячэнне іх царквы ў Лондане. Таксама ў гэтым годзе распачаўся працэс беатыфікацыі Слугі Божага Эдварда Вайніловіча, фундатара Касцёла св. Сымона і св. Алены ў Мінску. Распачалося і святкаванне 100-годдзя Фацімскіх аб’яўленняў, якое будзем адзначаць у 2017 г., праз перэгрынацыю фігуры Маці Божай і праз Фацімскую навэнну”, - заўважыў святар.

Журналістку Алену Германовіч найбольш уразілі Сусветныя дні моладзі ў Кракаве, удзельніцай якіх яна стала: “На гэтай сустрэчы можна было ўбачыць мільёны людзей, якія злучаныя з табой адной верай, адной мэтай – засведчыць міласэрнасць Айца. Можна было ўбачыць людзей з экзатычных краін, якія размаўляюць на розных мовах, але была агульная мова – любові. Бо ў гэтыя дні не было заўважна нейкіх праяў агрэсіі, хамства, польскія ўлады зрабілі ўсё магчымае, каб не было ніякіх інцыдэнтаў. Канешне, былі некаторыя транспартныя праблемы, але цешыць тое, што моладзь не наракала і ўспрымала гэта як прыгоду. Спрыялі гэтаму і словы папы Францішка, што ўжо наступіў час падымацца з канапаў і не быць пенсіянерамі са стомленымі душамі. Таксама Год Міласэрнасці паставіў перад усімі намі важную задачу: ні дзе шукаць міласэрнасці, а як мы самі можам рэалізаваць сваё пакліканне быць міласэрнымі да іншых”, - сказала журналістка.

Таксама ўдзельнікі апытання ўзгадалі сярод важных падзей з’яўленне новых святых і благаслаўлёных у Касцёле. Напрыклад, адбылася кананізацыя Маці Тэрэзы з Калькуты – гэтай падзеі шмат гадоў чакалі тысячы вернікаў.

Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія.








All the contents on this site are copyrighted ©.