2016-12-30 15:00:00

Пантыфік падтрымаў выхад аргентынскай “L’Osservatore”


Папа падтрымаў выхад аргентынскай версіі ватыканскай газеты. “З радасцю вітаю новую прысутнасць “L’Osservatore Romano” ў Аргентыне. Праз газету Апостальскай Сталіцы з’явіцца непасрэдная магчымасць пазнаёміцца са служэннем Папы. Я прашу нашага Пана благаславіць тых, хто працуе над гэтым праектам для Божага Валадарства, няхай Святая Дзева апякуецца імі. І, калі ласка, я прашу чытачоў не забываць маліцца за мяне”, - напісаў Францішак у першым выпуску. Рукапісны тэкст змешчаны на вокладцы новага выдання.

“Аргентынская” “L’Osservatore” з’явілася на паліцах кіёскаў Буэнас-Айрэса 30 снежня 2016 г. Першы наклад – 37 тыс. 16-старонкавая газета будзе распаўсюджвацца у першы час як укладыш да штодзённіка “Perfil”. 9 старонак, гэта перадрук артыкулаў і паведамленняў з ватыканскай версіі, астатнія прысвечаны лакальным справам.

Гэта “вялікая навіна ў гісторыі выдання Святога Пасаду”, - напісаў у спецыяльным тэксце для першага нумару галоўны рэдактар “L’Osservatore Romano” Джавані Марыя Віян. Ён адзначыў, што яшчэ адной выключнай справай з’яўляецца той факт, што галоўным рэдактарам аргентынскай версіі стаў пратэстанцкі тэолаг і бібліст Марсэла Фігероа, што – паводле Віяна – падкрэслівае экуменічны аспект новай газеты, так блізкі Францішку.

Мэта новай версіі, дазволіць суайчыннікам Папы пазнаёміцца з яго вучэннем наўпрост, без пасярэдніцтва іншых сродкаў масавай інфармацыі, якія часам скажаюць ідэю і сэнс яго выказванняў. Плануецца, што аргентынская версія ватыканскай газеты з сакавіка 2017 г. будзе з’яўляцца як штотыднёвік.








All the contents on this site are copyrighted ©.