2016-12-30 12:04:00

За год у Ватыкане з Папам сустрэліся амаль 4 мільёны асоб


У 2016 г. на рознага роду сустрэчах з Францішкам у Ватыкане прысутнічалі 3 952 140 чалавек, паведаміла Прэфектура папскай дома, якая адказвае за ўдзел вернікаў у мерапрыемствах са Святым Айцом. Згодна з шматгадовай практыкай, у канцы года гэта ватыканская ўстанова публікуе звесткі аб колькасці асоб, якія прынялі ўдзел ў папскіх агульных аўдыенцыях, імшах і набажэнствах, а таксама нядзельных сустрэчах на малітве “Анёл Панскі” і “Regina Coeli” на плошчы св. Пятра.

Прадстаўляючы дадзеныя 29 снежня 2016 г., Зала Друку Апостальскай Сталіцы заўважыла, што гэта прыблізныя лічбы, атрыманыя на падставе заявак на ўдзел у падзеях, дасланых у Прэфектуру, выпушчаных ёй бясплатных білетаў, а таксама на аснове прыблізных дадзеных аб удзеле ў нядзельных сустрэчах, на якія білеты не патрэбны. Самая высокая колькасць пілігрымаў прыйшлася на сакавік і ўрачыстасці Вялікага тыдня, а таксама на верасень, калі адбылася кананізацыі Маці Тэрэзы з Калькуты.

Прадстаўленыя лічбы адносяцца толькі да падзеяў у Ватыкане і не ўключаюць у сябе сустрэч вернікаў з Папам падчас яго замежных падарожжаў, якіх у 2016 г. было шэсць, і наведвання рымскіх парафій і розных месцаў у Італіі. Як вядома, замежныя паездкі Святога Айца збіраюць шматмільённыя масы людзей.

Паводле даных, прадстаўленых Прэфектурай, у 2016 г. было праведзена 43 агульных аўдыенцыі, на якія прыйшлі 762,2 тыс. чалавек, і 11 “юбілейных” аўдыенцый, прысвечаных Году Міласэрнасці, якія наведалі 446 тыс. вернікаў. У спецыяльных аўдыенцыях, якія Святы Айцец даў розным рэлігійным, прафесійным і грамадскім групам, удзельнічалі амаль 200 тыс. асоб, у розных набажэнствах – 924,5 тыс., падчас “Анёл Панскі” і “Regina Coeli” сустрэліся з Францішкам больш за 1,6 млн. чалавек.

Самымі шматлікімі сталі агульныя аўдыенцыі ў кастрычніку – 117 тыс. чалавек, у красавіку – 99 тыс., у сакавіку і верасні – па 95 тыс.; найменш вернікаў прыйшло ў студзені – 21 тыс., і ў снежні – 25 тыс. “Юбілейныя” аўдыенцыі сабралі шмат людзей у красавіку – 100 тыс. (у гэтым месяцы іх было дзве) і ў кастрычніку – 93 тыс. 

Літургічныя ўрачыстасці сабралі самую вялікую колькасць удзельнікаў у верасні – 168 тыс., у сакавіку – 165 тыс., а ў чэрвені – 132 тыс.; самымі нешматлікімі былі снежань – 20 тыс., люты – 25 тыс. і студзень – 26,5 тыс. 

На нядзельныя сустрэчы на плошчы св. Пятра больш за ўсё людзей прыйшло ў студзені – 300 тыс., у снежні – 210 тыс., у маі – 170 тыс.; самыя нізкія паказчыкі прыйшліся на люты – 90 тыс.

Трэба нагадаць, што ў 2015 г. са Святым Айцом у Ватыкане сустрэліся крыху больш за 3,2 млн. чалавек, было праведзена 42 агульныя аўдыенцыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.