2016-12-29 12:24:00

2016 год для папы Францішка і Святога Пасаду


У 2016 годзе Францішак здзейсніў 6 замежных падарожжаў у 8 краін і 5 пастырскіх візітаў у розныя рэгіёны Італіі, тройчы ўзначаліў абрады кананізацыі 10 чалавек, ад яго імя было праведзена 14 беатыфікацый, якія далі Касцёлу 77 новых благаслаўлёных. Акрамя таго, Папа прызначыў 17 кардыналаў і 189 біскупаў, удзяліў сакрамэнт хросту 26 дзецям і 12 дарослым, сакрамэнт святарства – 11 асобам і біскупскую сакру дваім. Ён прыняў на аўдыенцыях  у Ватыкане 63 палітыкі з 43 краін свету і 13 міжнародных арганізацый, у тым ліку беларускага лідэра Аляксандра Лукашэнку.

Першае замежнае падарожжа Пантыфіка ў 2016 г. і дванаццатае ад пачатку пантыфікату адбылося ў Лацінскую Амерыку – 12-18 лютага Францішак знаходзіўся на Кубе і ў Мексіцы. 16 красавіка прайшоў яго аднадзённы візіт на грэчаскі востраў Лесбас, дзе ён разам з Патрыярхам Канстантынопальскім сустрэўся з бежанцамі, а праз тыдзень – 24 красавіка ён адправіўся ў трохдзённае падарожжа па Арменіі. Чатыры апошнія дні ліпеня ён правёў у польскім Кракаве на Сусветных днях моладзі. 30 верасня Папа быў з візітам ў Грузіі, а 1 кастрычніка – у Азербайджане. Апошняе ў бягучым годзе і сямнаццатае падчас свайго пантыфікату падарожжа Францішак здзейсніў у Швецыю, дзе прыняў удзел у памятных мерапрыемствах 500-годдзя Рэфармацыі.

Знакавымі сталі паездкі Святога Айца па Італіі. Асабліва запомніўся яго кастрычніцкі візіт ў рэгіён, пацярпелы ад разбуральнага землятрусу. Ён наведаў у той час Аматрычэ, Акумолі, Аркуата-дэль-Тронта і пяць іншых мясцовасцяў.

Апостальская Сталіца ў 2016 г. устанавіла дыпламатычныя адносіны з 181-й краінай, якой стала Маўрытанія. Гэта адбылося за некалькі тыдняў да завяршэння года і стала знакавай падзеяй, паколькі краіна з’яўляецца ісламскай рэспублікай, дзе хрысціяне складаюць абсалютную меншасць. Хоць дзейнасць Каталіцкага Касцёла тут практычна не абмежавана мясцовым заканадаўствам.  

У 2016 г. Касцёл страціў 139 іерархаў; у вечнасць адыйшлі ў тым ліку 6 кардыналаў з 63 краін. Большасць з Італіі – 16, з ЗША – 9, а таксама з Бразіліі і Індыі – па 7.








All the contents on this site are copyrighted ©.