2016-12-28 14:27:00

Божае Нараджэнне перамагае падзелы паміж рэлігіямі


 

У многіх месцах свету ў святкаванні Божага Нараджэння прымалі ўдзел нароўні з хрысціянамі паслядоўнікі іншых рэлігій. Святы сталі магчымасцю для сумеснага закліку да міру і дапамогі самым бедным.

У пазбаўленай даху мараніцкай катэдры св. Іллі ў Алепа пасля чатырох гадоў перапынку зноў цэлебравалі св. Імшу ў Божае Нараджэнне. На яе прыйшла група мусульман, якія, разам з вернікамі спявалі калядкі на арабскай, англійскай і французскай мовах.

У сустрэчы Божага Нараджэння ў сталіцы Бангладэш Даке прынялі ўдзел паўтары тысячы чалавек, у асноўным хрысціяне, але і паслядоўнікі ісламу, індуізму і будызму. На святкаванні прысутнічала кіраўнік мясцовага ўрада, мусульманка Шэйх Хасіна. “Канфлікты паміж рэлігіямі ствараюць тыя, хто робіць выгляд, што яе практыкуе, - падкрэсліла прэм’ер-міністр. - Сапраўдныя вернікі павінны давяраць адно аднаму і не прадпрымаць несправядлівых дзеянняў”.

Падарункі, прадукты харчавання і прадметы першай неабходнасці былі размеркаваны з нагоды Божага Нараджэння сярод жыхароў Юханабаду, хрысціянскага кварталу пакістанскага Лахору. Прадстаўнікі мясцовага Касцёла таксама наведваюць зняволеных. Гэта штогадовая традыцыя.

Алжырскія хрысціяне з’яўляюцца абсалютнай меншасцю з часу, калі іслам у VII ст. заваяваў Паўночную Афрыку. Гэта пакліканне і ласка адначасова, лічыць новы арцыбіскуп Алжыру, 72-гадовы Поль Дэфарж. Французскі езуіт добрае ведае краіну, у якой жыве ўжо 40 гадоў і, сярод іншага, выкладае там псіхалогію на арабскай мове.

“У нас добрыя штодзённыя кантакты з мусульманамі, і гэта захапляе мяне кожны дзень. Мы працуем разам і нават сябруем. Мы верым у суіснаванне, таму што мы практыкуем яго кожны дзень і не патрабуем для гэтага выключных высілкаў”, - сказаў каталіцкі іерарх.








All the contents on this site are copyrighted ©.