2016-12-27 14:47:00

Венесуэла: перамовы з пасрэдніцтвам Святога Пасаду прыпынены


Венесуэльская апазіцыя перапыніла перамовы з урадам. Заява з гэтай нагоды была перададзена арцыбіскупу Альда Джардана, Апостальскаму нунцыю ў Каракасе. Прадстаўнікі апазіцыі паінфармавалі ў ёй папу Францішка і кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна аб рашэнні не працягваць перамовы з урадам, якія пачаліся 30 кастрычніка 2016 г., і прыпыніць іх на перыяд святаў да 13 студзеня. Прычынай стала поўная адсутнасць вынікаў сустрэч.

У заяве, падпісанай сакратаром Камітэта апазіцыйных партый Хесусам Торэальба, гаворыцца пра адмову рэалізацыі кіраўніцтвам Венесуэлы пастулатаў, агучаных Святым Пасадам, як умовы быцця пасярэднікам у перамовах.

“Мы лічым, што няма ніякіх падставаў для аднаўлення дыскусій з урадам”, - сцвярджае апазіцыя. Сярод нявыкананых патрабаванняў: не прызначэнне даты правядзення рэферэндуму аб адклiканнi прэзідэнта Нікаласа Мадуры, адсутнасць зняцця забароны ўраду на аказанне міжнароднай гуманітарнай дапамогі ў відзе прадуктаў харчавання і медыкаментаў. Таксама няма рашэння аб вызваленні палітычных зняволеных і адмене судовых пазоваў у дачыненні да асоб, якія абвінавачваюцца ў антыўрадавай дзейнасці. Апазіцыя адзначае, што венесуэльцы разлічваюць на маральную, палітычную і дыпламатычную падтрымку свету.

На заяву апазіцыі неадкладна адрэагаваў прэзідэнт Мадура, які запэўніў у гатоўнасці працягваць дыялог на працягу ўстаноўленага тэрміну.

Папа Францішак падчас свайго святочнага паслання перад благаслаўленнем “Urbi et Orbi” 25 снежня звярнуў увагу на крызіс, у якім знаходзіцца лацінаамерыканская краіна. “Няхай адвага натхняе ўмілаваную Венесуэлу ў здзяйсненні неабходных крокаў для спынення цяперашняй напружанасці і супольнага будавання будучыні надзеі для ўсяго народу”, - сказаў ён.

Святы Пасад прымае актыўны ўдзел у перамовах паміж уладамі і апазіцыяй у Венесуэле ў якасці пасярэдніка. Трэба нагадаць, што Францішак спачатку напісаў ліст да Прэзідэнта Венесуэлы, у якім выказаў сваё стаўленне да сітуацыі ў краіне, а затым прыняў яго на аўдыенцыі ў Ватыкане. Ён пажадаў Венесуэле вырашыць свае праблемы шляхам дыялогу, а не канфрантацыі.

У першым этапе мірных перамоваў паміж венесуэльскім урадам і апазіцыяй 30 кастрычніка 2016 г. у Каракасе прыняў удзел спецыяльны прадстаўнік Святога Айца, арцыбіскуп Клаўдыё Марыя Чэлі, былы старшыня Папскай рады па сродкай масавай камунікацыі.

Апазіцыя неаднаразова падкрэслівала, што ўдзельнічае ў перамовах выключна таму, што на іх ёсць прадстаўнік Пантыфіка, што падкрэслівае фундаментальную ролю, якую грае асоба папы Францішка ў гэтым кантэксце.

Венесуэла ўжо на працягу многіх гадоў перажывае сур’ёзны эканамічны і палітычны крызіс. На піку масавых пратэстаў два гады таму многія апазіцыйныя палітыкі былі арыштаваныя і прысуджаныя да доўгіх тэрмінаў пазбаўлення волі.

На апошніх парламенцкіх выбарах у краіне перамагла апазіцыя. Было сабрана больш за два мільёны подпісаў за правядзення рэферэндуму, накіраванага на змену сацыялістычнага Прэзідэнта Нікаласа Мадуры.








All the contents on this site are copyrighted ©.