2016-12-25 12:13:00

“Urbi et Orbi”: Мір – не на словах, але фактычны і канкрэтны


Пажаданне міру для пакутуючых ад насілля, войнаў і эканамічнай несправядлівасці ў розных частках свету скіраваў Францішак у пасланні перад благаслаўленнем “Urbi et Orbi”. Пантыфік звярнуўся з ім 25 снежня 2016 г. з нагоды ўрачыстасці Божага Нараджэння.

“Сёння Касцёл перажывае захапленне Панны Марыі, св. Юзафа і бэтлеемскіх пастухоў, сузіраючы Дзіця, якое нарадзілася і ляжыць у яслях: Езуса, Збаўцу, - падкрэсліў Святы Айцец. - У гэты поўны святла дзень зноў гучыць прароцкае абвяшчэнне:

“Дзіця нарадзілася нам,
Сын дадзены нам;
і ўлада спачыла на плячах Яго,
і дадуць імя Яму:
Цудоўны Дарадчык, Бог Моцны,
Спрадвечны Айцец, Князь Спакою” (Іс 9,5)

Моц гэтага Дзіцяці, Сына Божага і Марыі, гэта не моц гэтага свету, якая грунтуецца на сіле і багацці – гэта моц любові. Гэта моц, якая стварыла неба і зямлю, якая дае жыццё кожнаму стварэнню: мінералам, раслінам, жывёлам; гэта моц, якая прыцягвае мужчыну і жанчыну і робіць з іх адно цела, адну істоту; гэта моц, якая адраджае жыццё, прабачае правіны, прымірае ворагаў, перамяняе зло ў дабро. Гэта моц Бога. Гэтая моц любові прывяла Езуса Хрыста да таго, што Ён адмовіўся ад сваёй хвалы і стаў чалавекам; і прывядзе да аддання свайго жыцця на крыжы і ўваскрасення з памерлых. Гэта моц служэння, якая ўстанаўлівае ў свеце Валадарства Божае, Валадарства справядлівасці і міру.

Таму Нараджэнне Езуса суправаджаецца спевам анёлаў, якія абвяшчаюць: “Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі” (Лк 2,14). Сёння гэта абвяшчэнне праносіцца па ўсёй зямлі і жадае дасягнуць усіх народаў, асабліва параненых вайной і жорсткімі канфліктамі, якія наймацней адчуваюць жаданне міру.

Мір людзям спакутаванай Сірыі, дзе вельмі шмат крыві было праліта. Асабліва ў горадзе Алепа, які на працягу апошніх тыдняў стаў тэатрам адной з самых лютых бітваў, як ніколі тэрмінова патрэбна, паважаючы гуманітарнае права, забяспячэнне дапамогі і падтрымкі знясіленаму грамадзянскаму насельніцтву, якое ўсё яшчэ знаходзіцца ў адчайным становішчы і вялікіх пакутах і патрэбе. Гэта час для таго, каб зброя канчаткова змоўкла, а міжнародная супольнасць актыўна прыкладала намаганні на карысць дасягнення мірнага рашэння і аднаўлення грамадзянскага суіснавання ў краіне.

Мір жанчынам і мужчынам умілаванай Святой Зямлі, выбранай і любімай Богам. Ізраільцяне і палестынцы няхай маюць адвагу і рашучасць пісаць новую старонку гісторыі, на якой нянавісць і помста саступяць месца жаданню разам будаваць будучыню ўзаемнага разумення і гармоніі. Няхай змогуць адшукаць адзінства і згоду Ірак, Лівія, Емен, дзе насельніцтва пакутуе ад войнаў і бесчалавечных тэрарыстычных актаў.

Мір людзям у розных рэгіёнах Афрыкі, асабліва ў Нігерыі, дзе фундаменталісцкі тэрарызм выкарыстоўвае нават дзяцей, каб несці жах і смерць. Мір Паўднёваму Судану і Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, каб зажывіліся падзелы і ўсе людзі добрай волі прыкладалі намаганні, каб устаць на шлях развіцця і дзялення, аддаючы перавагу культуры дыялогу, а не логіцы сутыкнення.

Мір людзям, якія дагэтуль працягваюць пакутаваць ад наступстваў канфлікту ва ўсходняй Украіне, дзе тэрмінова патрэбна супольная воля ў нясенні палёгкі насельніцтву і спаўненні ўзятых абавязацельстваў.

Папросім аб згодзе для дарагога калумбійскага народу, які жадае ўстаць на новы і адважны шлях дыялогу і прымірэння. Няхай гэта адвага натхняе таксама ўмілаваную Венесуэлу ў здзяйсненні неабходных крокаў для спынення цяперашняй напружанасці і супольнага будавання будучыні надзеі для ўсяго народу.

Мір для ўсіх, хто ў розных частках свету, пакутуе па прычыне пастаяннай небяспекі і безупыннай несправядлівасці. Няхай М’янма кансалідуе высілкі для спрыяння мірнаму суіснаванню, і з дапамогай міжнароднай супольнасці прадаставіць неабходную абарону і гуманітарную дапамогу тым, хто мае ў ёй выключную і тэрміновую патрэбу. Няхай Карэйскі паўвостраў пераўзыдзе існуючую напружанасць у абноўленым духу супрацоўніцтва.

Мір тым, хто быў паранены ці страціў блізкага чалавека з-за жахлівых актаў тэрарызму, што пасеялі страх і смерць у сэрцаз так шматлікіх краін і гарадоў. Мір – не на словах, але фактычны і канкрэтны – нашым пакінутым і адчужаным братам і сёстрам, якія пакутуюць ад голаду або сталі ахвярамі насілля. Мір бежанцам, мігрантам і ўцекачам, тым, хто сёння з’яўляецца аб’ектам гандлю людзьмі. Мір народам, якія пакутуюць ад эканамічных амбіцый нямногіх і прагнасці бажка грошай, што вядзе да рабства. Мір пазначаным сацыяльнымі і эканамічнымі няшчасцямі і пакутуючым ад наступстваў землятрусаў і прыродных катаклізмаў.

Мір дзецям, у гэты асаблівы дзень, калі Бог стаў Дзіцяткам, асабліва пазбаўленым радасцяў дзяцінства па прычыне голаду, войнаў і эгаізму дарослых.

Мір на зямлі ўсім людзям добрай волі, якія штодня працуюць, з сціпласцю і цярплівасцю, у сям’і і грамадстве, будуючы больш чалавечы і больш справядлівы свет, падтрыманыя ўпэўненасцю, што толькі ў міры ёсць магчымасць для больш квітнеючай будучыні для ўсіх.

Дарагія браты і сёстры, “Дзіця нарадзілася нам, Сын дадзены нам” – гэта “Князь Спакою”. Прымем Яго!”, - заклікаў Папа.

Пасля благаслаўлення, Францішак прывітаў прысутныя на плошчы св. Пятра групы вернікаў і тых, хто сачыў за трансляцыяй, дзякуючы сродкам масавай камунікацыі. 

“У гэты радасны дзень мы ўсе пакліканы сузіраць Дзіцятка Езуса, Які сведчыць надзею кожнаму чалавеку на зямлі. З яго ласкай дадзём голас і цела гэтай надзеі праз сведчанне аб салідарнасці і міры. Шчаслівага Божага Нараджэння ўсім!”, - пажадаў Пантыфік.








All the contents on this site are copyrighted ©.