2016-12-25 13:13:00

Папа пра сапраўдны дух Божага Нараджэння


Ісці з даверам за Хрыстом, несучы драмы нашага часу, але і перажываючы прыгажосць Божай любові, заклікаў Францішак 24 снежня 2016 г. позна вечарам падчас св. Імшы ў вігілію Нараджэння Пана ў ватыканскай базыліцы. Папа нагадаў пра драматычны лёс дзяцей, якія і сёння павінны хавацца ў падземных укрыццях, каб пазбегнуць бамбардзіровак, жабраваць на тратуарах вялікіх гарадоў, знаходзіцца на дне лодак, перагружаных мігрантамі. “Давайце дазволім, каб выклікам для нас сталі дзеці, якім не дазваляюць нарадзіцца, тыя, якія плачуць, таму што ніхто не задавальняе іх голаду, тыя, якія трымаюць у сваіх руках не цацку, а пісталет”, - звярнуўся Святы Айцец.

Папа падкрэсліў, што для сустрэчы з Дзіцяткам Езусам “трэба ісці туды, дзе Ён прабывае: трэба нахіліцца, панізіцца, стаць малым”. Ён дадаў, што “нованароджанае Дзіця заклікае нас пакінуць мімалётныя ілюзіі, каб перайсці да сутнасці, да адмаўлення ад нашых ненасытных патрабаванняў, ад вечнай нездаволенасці і смутку па прычыне нечага, чаго заўсёды будзе не хапаць”.

Францішак звярнуў увагу на парадаксальныя элементы таямніцы Божага Нараджэння – надзею і смутак. Смутак з-за таго, што любоў не прымаецца, жыццё адхіляецца, што можна заўважыць і сёння, калі Божае Нараджэнне становіцца святам, у якім галоўнымі дзеючымі асобамі з’яўляемся мы самі, а не Езус, калі “агні камерцыі штурхаюць у цень Божае святло”. Але гэта Святло перамагае нашу цемру, нараджаецца, каб даць нам жыццё, прыходзіць у наш свет, каб прынесці нам сваю любоў – і ў гэтым надзея.

Францішак заклікаў ісці да Езуса, несучы з сабой тое, чым мы ёсць, нашы абмежаванні, “нашы маргіналізацыі”, нашы незагоеныя раны. Менавіта гэта ён назваў “сапраўдным духам Божага Нараджэння”.








All the contents on this site are copyrighted ©.