2016-12-23 10:16:00

Папа выслухаў апошняе адвэнтавае казанне


Езус праходзіць паміж намі і стучыць ва ўсе дзверы, як у тую бэтлеемскую ноч, шукаючы сэрца ў якім можа нарадзіцца духоўна, падкрэсліў прапаведнік Папскага дома падчас чацвёртага і апошняга адвэнтавага казання, якое 23 снежня 2016 г. скіраваў да Святога Айца і супрацоўнікаў Рымскай курыі.

Прапаведнік адзначыў важнасць пошуку момантаў цішыні, каб годна перажыць ўрачыстасць Божага Нараджэння. “Навіны пра тэрарыстычныя акты, войны, масы людзей, вымушаныя, як і тады, пакідаць свае дамы і для якіх, як і для Марыі і Юзафа, “не было месца ў заездзе”, нагрушчваюцца і дасягаюць нас у рэжыме рэальнага часу”, - сказаў ён.

Толькі тыя, хто на гадзіну ці на адзін момант будзе здольным прымусіць змоўкнуць усё, вонкі і ўнутры сябе, і з дапамогай ласкі Святога Духа усвядоміць, што мы ўспамінаем у гэты дзень, толькі тыя, змогуць сказаць, што “перажылі” Божае Нараджэнне, дадаў капуцын.

Айцец Канталамеса прапанаваў паразважаць над прысутнасцю і дзейнасцю Святога Духа ў таямніцы ўцелаўлення. Ён заўважыў, што Божае Нараджэнне не павінна святкавацца як юбілей. Яно адзначаецца 25 снежня не па гістарычных прычынах, але “сімвалічных і сэнсавых”. Божае Нараджэнне павінна святкавацца як таямніца.

Ён спаслаўся на біблійны факт, які здзейніўся, аднойчы ў гісторыі ў Марыі: Панна стала Маці Езуса моцаю Святога Духа. Гэта гістарычная тамніца, як і ўсе іншыя падзеі збаўлення, працягваецца на сакрамэнтальным узроўні ў Касцёле і маральным, у канкрэтнай душы верніка. Марыя, Панна і Маці, яка нараджае Хрыста моцаю Святога Духа, становіцца дасканалай мадэллю Касцёла, пакліканага быць паннай і маці, і душы верніка, які наследуючы цноты Марыі, дазваляе нарадзіцца і расці Езусу ў сваім сэрцы і сэрцы братоў.

Дух, які сышоў на Марыю, гэта Дух Творца, які цудоўным чынам стварае ў Панне цела Хрыста. Але не толькі. Акрамя таго, што Ён з’яўляецца “creator Spiritus”, Ён таксама “жывая вада, полымя, любоў і духоўнае намашчэнне, для Марыі”. Папскі прапаведнік нагадаў словы св. Аўгустына пра тое, што Марыя “спачатку зачала Хрыста ў сэрцы, а потым у целе”. Гэта значыць, што Святы Дух дзейнічаў у сэрцы Марыі, асвятляючы яго і запальваючы Хрыстом, перш чым напоўніў Хрыстом яе ўлонне. Уцелаўленне стала Пяцідзесятніцай Марыі, аб чым кажуць многія яе наступныя жэсты і словы.

Акрамя таго, нягледзячы на атрыманне вялікага дару, яна засталася пакорнай. Гэта, паводле айца Канталамесы, самы вялікі цуд Божай ласкі. Марыя заставалася пакорнай, сціплай, як бы ў яе жыцці не здарылася нічога такога, каб павінна была прад’яўляць прэтэнзіі.

Капуцын падкрэсліў, што Святы Дух запрашае ўсіх вернікаў “вярнуцца ў сэрца”, каб цэлебраваць у ім Божае Нараджэнне, самае глыбокае і сапраўднае, якое робіць “сапраўдным” таксама тое Божае Нараджэнне, якое цэлебруем знешне: у абрадах і традыцыях. 

Сам Езус жадае нарадзіцца ў нашым сэрцы. І так мы павінны думаць пра Яго ў веры: як бы ў гэтыя апошнія дні Адвэнта, Ён праходзіць паміж намі і стучыць ва ўсе дзверы, як у тую бэтлеемскую ноч, шукаючы сэрца ў якім можа нарадзіцца духоўна, падкрэсліў айцец Канталамеса ў сваім апошнім адвэнтавым казанні для Папы і яго бліжэйшых супрацоўнікаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.