2016-12-23 08:36:00

Ватыкан: жандарм і пажарнік пакладуць фігурку Езуса ў яслі


Фігурку Дзіцятка Езуса ў яслі Божага Нараджэння на плошчы св. Пятра сёлета пакладуць два ватыканскія служачыя: жандарм і пажарнік. Паводле старажытнай традыцыі гэта адбудзецца падчас падчас св. Імшы ў ноч Божага Нараджэння, у момант спявання гімну “Хвала на вышынях Богу”.

У паведамленні Губернатара Дзяржавы Ватыкан адзначаецца, што гэта рашэнне было прынята ў кантэксце святкавання 200-годдзя Ватыканскай жандармерыі. Яно павінна стаць маленькім жэстам удзячнасці людзям, “якія з шчодрасцю прадаставілі сябе ў распараджэнне бліжнім у бядзе, працуючы не пакладаючы рук”.

Адзначаецца таксама, што пасля землятрусаў у цэнтральнай Італіі, 24 жніўня і 30 верасня 2016 г., ватыканскія пажарнікі і жандармы супрацоўнічалі з італьянскай паліцыяй, Грамадзянскай абаронай і шматлікімі валанцёрамі “ратуючы людзей з-пад руінаў, разбіраючы завалы, несучы патрульную службу ў населеных пунктах, прадухіляючы магчымыя выпадкі марадзёрства”.

У прыватнасі, у горадзе Норча пажарнікі дапамагалі сем’ям вярнуць свае рэчы з непрыдатных для жылля дамоў, а таксама прымалі ўдзел у ратаванні твораў мастацтва, якія апынуліся пад абломкамі сцен розных касцёлаў архідыяцэзіі Спалета-Норча.








All the contents on this site are copyrighted ©.