2016-12-22 15:52:00

Францішак да Рымскай курыі: рэформа патрабуе навяртання


Рэформы ў Ватыкане "хрыстацэнтрычныя", яны патрабуюць глыбокага навяртання і змены ментальнасці, адзначыў папа Францішак у прамове да супрацоўнікаў Рымскай курыі. Пантыфік сустрэўся са сваімі бліжэйшымі супрацоўнікамі з нагоды набліжэння ўрачыстасці Божага Нараджэння 22 снежня 2016 г. у Ватыкане.

Папа заўважыў, што рэформы, гэта знак жывасці Касцёла, які выходзіць насустрач людзям. У той жа час, гэта далікатны працэс, які патрабуе праніклівасці, адвагі, слухання, малітвы, прызнання здзейсненых наперад крокаў, а таксама сілы, каб рабіць крокі назад, калі гэта патрэбна. Гэты шлях патрабуе таксама поўнанага даверу Святому Духу.

“Рэформа – гэта не мэта сама па сабе, але працэс росту і перш за ўсё навяртання. Таму рэформа не мае эстэтычнай мэты, маўляў, каб зрабіць больш прыгожай курыю. Яна не можа разумецца ў якасці пэўнага роду “ліфтынгу”, “макіяжу” або прыёму для ўпрыгожвання пажылога цела курыі. Яна не павінна разумецца ў якасці пластычнай хірургічнай аперацыі па выдаленні маршчын. Дарагія браты, не “маршчын” у Касцёле трэба баяцца, а плямаў. У гэтай перспектыве трэба заўважыць, што рэформа будзе плённай толькі і выключна, калі будзе праводзіцца “абноўленымі” людзьмі, а не проста “новымі”. Не дастаткова задавольвацца зменай персаналу, але важна весці членаў курыі да духоўнага, чалавечага і прафесійнага абнаўлення”, - сказаў Папа.

Паводле Святога Айца, без змены ментальнасці ўсе намаганні будуць марнымі. Францішак заўважыў, што існаванне супраціву рэформам – гэта нармальная з’ява. Ён жа можа быць трох відаў: адкрытым – які нараджаецца ад добрай волі і ў ходзе шчырага дыялогу; схаваным – які ўзнікае ў спалоханых і зацвярдзелых сэрцах людзей, гатовых да зменаў толькі на словах; а таксама недобразычлівым – які хаваецца за апраўдальнымі словамі, пошуку прытулку ў ілюзіях і фармальнасцях. Адсутнасць супраціву, заўважыў Францішак, гэта прызнак смерці. 

Папа вылучыў дванаццаць крытэрыяў рэформы Рымскай курыі, сярод якіх назваў: місійнасць, рацыянальнасць, сучаснасць і прафесійнасць. Ён адзначыў патрэбу ў адкрытасці для свецкіх вернікаў тых дыкастэрый, у якіх яны могуць выконваць заданні больш кампетэнтна, чым духавенства, а таксама ўмацаванні ролі жанчын. Напрыканцы сваёй прамовы Пантыфік заўважыў, што рэформа павінна быць “хрыстацэнтрычнай”.

Святы Айцец павіншаваў супрацоўнікаў Рымскай курыі з Божым Нараджэнне нагадваючы, што яно з’яўляецца святам любячай пакоры Бога.








All the contents on this site are copyrighted ©.