2016-12-21 14:44:00

Папа заклікае да міру ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга


Францішак заклікаў усіх жыхароў Дэмакратычнай Рэспублікі Конга быць будаўнікамі згоды і міру. З адмысловым заклікам Святы Айцец звярнуўся 21 снежня 2016 г. на заканчэнне агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане.

“Усе хто мае палітычную адказнасць няхай прыслухаюцца да голасу ўласнага сумлення, здолеюць убачыць жорсткія пакуты сваіх суайчыннікаў і маюць на сэрцы супольнае дабро. Запэўніваючы ў маёй падтрымцы і цёплых пачуццях ўмілаваны народ гэтай краіны, заклікаю ўсіх кіравацца святлом Адкупіцеля свету і малюся, каб Нараджэнне Пана адкрыла шляхі надзеі”, - пажадаў Пантыфік. 

На працягу некалькіх апошніх месяцаў у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга адбываюцца беспарадкі, выкліканыя супрацьстаяннем паміж уладамі і апазіцыяй, незадаволенай рашэннем 45-гадовага кіраўніка дзяржавы, Жозэфа Кабілы, балатавацца на пасаду прэзідэнта ў трэці раз, нягледзячы на тое, што канстытуцыя краіны дазваляе займаць яе толькі два разы. Тэрмін другога мандату Жозэфа Кабілы закончыўся 20 снежня 2016 г.

19 снежня 2016 г. Францішак прыняў на аўдыенцыі прадстаўнікоў епіскапату гэтай краіны, які выступіў у якасці пасярэдніка паміж бакамі канфклікту: яго старшыню, арцыбіскупа Марсэля Утэмпі Тапа і віцэ-старшыню, арцыбіскупа Фрыдаліна Амбонга Бесунгу. 

З Жозэфам Кабілам Святы Айцец сустракаўся ў Ватыкане ў верасні 2016 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.