2016-12-21 12:10:00

"Vatileaks 2": асуджаны святар выпушчаны на свабоду


Святы Айцец памілаваў кс. Лусіа Вальеха Бальда, асуджанага па справе аб распаўсюджанні канфідэнцыйных дакументаў Апостальскай Сталіцы. З улікам таго, што святар ужо адбыў палову тэрміну пакарання Францішак прадаставіў яму ласку ўмоўна-датэрміновага вызвалення, паведамілі ў Зале Друку Апостальскай Сталіцы.

Гаворка ідзе аб акце літасці Папы, які дазволіць асуджанаму вярнуцца на свабоду. Вечарам 20 снежня 2016 г. ён пакінуў ватыканскую турму і спыніўшы ўсе працоўныя адносіны са Святым Пасадам вяртаецца пад юрысдыкцыю біскупа Асторгі ў Іспаніі – дыяцэзіі, з якой паходзіць. 

Кс. Лусіа Вальеха Бальда быў адным з галоўных абвінавачаных у судовым працэсе аб крадзяжы і перадачы журналістам сакрэтных дакументаў, якія тычацца істотных інтарэсаў Апостальскай Сталіцы. Ён праходзіў у Трыбунале Дзяржавы Ватыкан на працягу васьмі месяцаў: з снежня 2015 па ліпень 2016 гг.

На лаўцы падсудных знаходзілася пяць асобаў: тры члены ўжо расфарміраванай камісіі па вывучэнні рэформы эканамічна-адміністрацыйнай структуры Святога Пасаду і два журналісты. 

Адзін з былых ватыканскіх служачых – спадар Нікола Маё – быў апраўданы, а два іншыя прызнаныя вінаватымі. Гэта: кс. Лусіа Вальеха Бальда і спадарыня Франчэска Шаўкі. Святар быў асуджаны на 1 год і 6 месяцаў зняволення ва ўмовах адноснай свабоды, а жанчына – на 10 месяцаў зняволення ўмоўна з адтэрміноўкай выканання прысуду на 5 гадоў. Журналісты Джанлуіджы Нуццы і Эмільяна Фіціпальдзі былі вызвалены ад абвінавачанняў за адсутнасцю доказаў віны.








All the contents on this site are copyrighted ©.