2016-12-20 11:07:00

Ватыканскія музеі: адрэстаўравана галерэя антычных скульптур


Пасля сямігадовага перыяду рэстаўрацыі 21 снежня 2016 г. Ватыканскія музеі зноў адкрыюць для наведвальнікаў галерэю "Braccio Nuovo", у якой выстаўляецца папская калекцыя антычных скульптур. 

Рэстаўрацыя тычылася не толькі памяшкання выставачнай залы, але і твораў мастацтва: у агульнай колькасці 140 скульптур. Яна стала магчымай дзякуючы фінансавай падтрымцы Губернатарата Дзяржавы Ватыкан і міжнароднага аб’яднання дабрачынцаў “Апекуны мастацтваў Ватыканскіх музеяў” (Patrons of the Аrts in the Vatican Museums).

Галерэя “Braccio Nuovo" была пабудавана паміж 1816-1822 гг. па ініцыятыве Пія VII. Яе даўжыня складае 68 метраў. Уздоўж сцен знаходзяцца 28 нішаў, у якіх размешчаны старажытныя рымскія і грэчаскія статуі. Паміж нішамі стаяць бюсты выдатных постацяў эпохі антычнасці. Сцены ўпрыгожаны гіпсавымі барэльефамі, выкананымі ў стыле знакамітых рымскіх помнікаў – Калоны Траяна і Аркі Ціта, а подлога – чорна-белай мазаікай ІІ ст. на н.э.








All the contents on this site are copyrighted ©.