2016-12-19 14:02:00

Папа прыняў біскупаў з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга


Францішак прыняў на аўдыенцыі старшыню Канферэнцыі Біскупаў Дэмакратычнай Рэспублікі Конга арцыбіскупа Марсэля Утэмпі Тапа і яе віцэ-старшыню, арцыбіскупа Фрыдаліна Амбонга Бесунгу. Сустрэча адбылася 19 снежня 2016 г. у Ватыкане, паведамілі ў Залу Друку Апостальскай Сталіцы.

На працягу некалькіх апошніх месяцаў у гэтай афрыканскай краіне адбываюцца беспарадкі, выкліканыя супрацьстаяннем паміж уладамі і апазіцыяй, незадаволенай рашэннем 45-гадовага кіраўніка дзяржавы, Жозэфа Кабілы, балатавацца на пасаду прэзідэнта ў трэці раз, нягледзячы на тое, што канстытуцыя краіны дазваляе займаць яе толькі два разы. Тэрмін другога мандату Жозэфа Кабілы заканчваецца 20 снежня 2016 г.

Епіскапат Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, дзе католікі складаюць каля 40% насельніцтва, ініцыяваў перамовы паміж бакамі. Іх наступны раунд павінен прайсці 21 снежня.

Да дыялогу і адмаўлення ад насілля ў гэтай краіне Францішак заклікаў 18 снежня 2016 г. пасля малітвы “Анёл Панскі” у Ватыкане. “Прашу ўсіх вас маліцца, каб дыялог у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга вёўся у атмасферы спакою, каб пазбегнуць рознага віду насілля і дзеля дабра ўсёй краіны”, - сказаў сабраным на плошчы св. Пятра вернікам Пантыфік.








All the contents on this site are copyrighted ©.