2016-12-17 11:30:00

Юбілей Францішка: першыя віншаванні – ад бедных


17 снежня 2016 г. Францішак адзначае сваё 80-годдзе. Адныя з першых віншаванняў ён атрымаў ад бяздомных, якія наведалі яго раніцай у Доме св. Марты – ватыканскай рэзідэнцыі Святога Айца. Бедныя прайшлі ў Ватыкан у суправаджэнні Апостальскага элемазінарыя, арцыбіскупа Конрада Краеўскага. Яшчэ на світанку ватыканскі іерарх сустрэў іх у ваколіцах плошчы св. Пятра і запрасіў на снеданне з Папам. 

Група бяздомных складалася з васьмі чалавек: двух жанчын і шасці мужчын. Яны паходзілі з розных краін: чатыры – з Італіі, два – з Румыніі, і па аднаму чалавеку з Малдовы і Перу. 

Францішак сустрэўся з імі каля 7.15 раніцы. Бедныя падарылі яму тры сланечнікі, якія затым былі ўстаноўлены ў папскай капліцы.

Святы Айцец запрасіў сваіх гасцей у абедзенную залу, дзе яны разам паснедалі і паразмаўлялі. Сустрэча працягвалася каля 30 хвілін. Францішак пачаставаў беднякоў аргентынскімі слодычамі, а затым адправіўся ў Апостальскі палац, на св. Імшу з кардыналамі.

З нагоды Дня нараджэння Папы ў рымскіх сталоўках для бедных на працягу ўсяго дня будуць раздавацца пачастункі і маленькія падарункі, паведамілі ў Залу Друку Святога Пасаду.








All the contents on this site are copyrighted ©.