2016-12-16 13:52:00

Францішак прыняў цяперашняга і былога прэзідэнтаў Калумбіі


Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане цяперашняга і былога прэзідэнтаў Калумбіі. Сустрэча праходзіла 16 снежня 2016 г. у ватыканскім Апостальскім палацы.

Спачатку Святы Айцец прыняў Хуана Мануэля Сантаса Кальдэрона, цяперашняга калумбійскага лідэра, а затым сенатара Альвара Урыбэ Велеса, былога кіраўніка гэтай лацінаамерыканскай краіны. Пасля чаго Францішак паразмаўляў з абодвума палітыкамі разам. Дыскусія працягвалася каля 25 хвілін, паведамілі ў Зале Друку Апостальскай Сталіцы. Хуан Мануэль Сантас таксама сустрэўся з кардыналам Дзяржсакратаром Пьетра Паралінам.

У ходзе аўдыенцыі была высока ацэнена падтрымка Папам мірнага працэсу ў Калумбіі. Выказвалася пажаданне, каб мір у краіне быў моцным і трывалым. Для гэтага важнай з’яўляецца сустрэча і адзінства паміж калумбійскімі палітычнымі сіламі і “Рэвалюцыйнымі ўзброенымі сіламі Калумбіі”, а таксама ўклад Касцёла на карысць нацыянальнага паяднання і навучання прабачэнню і згодзе, адзначалі ўдзельнікі сустрэчы.  

26 верасня 2016 г. у Картахене адбылася гістарычная для Калумбіі падзея – цырымонія падпісання мірнага пагаднення паміж афіцыйнымі ўладамі краіны і лідэрамі левай арганізацыі “Рэвалюцыйныя ўзброеныя сілы Калумбіі” (FARC), што азнаменавала завяршэнне 52-гадовай грамадзянскай вайны ў краіне. Прэзідэнт Калумбіі Хуан Мануэль Сантас Кальдэрон сёлета атрымаў Нобелеўскую прэмію міра за спробу вырашыць канфлікт.

Аднак на рэферэндуме, які павінен быў ратыфікаваць пагадненне, калумбійскі народ большасцю галасоў выказаўся супраць заключэння міру з паўстанцамі на тых умовах, на якіх было прапанавана гэта зрабіць. Адным з прыхільнікаў такога рашэння быў і былы кіраўнік дзяржавы, Альвара Урыбэ Велес.








All the contents on this site are copyrighted ©.