2016-12-16 12:37:00

Папа: хрысціяне павінны ўказваць на Езуса ўласным жыццём


Хрысціяне павінны ўказваць на Езуса Хрыста ўласным жыццём, падкрэсліў Пантыфік 16 снежня 2016 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі у капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі. У гаміліі Папа ў чарговы раз звярнуўся да прыкладу сведчання св. Яна Хрысціцеля. Евангелле прадстаўляе яго ў якасці сведкі, заўважыў Папа. Менавіта гэта было яго пакліканнем – сведчыць аб Езусе, указваць на Езуса, выступіць у ролі свяцільніка, які пралівае святло на Пана.

“Ён быў голасам, які сведчыў аб Слове, указваў на Слова, Слова Божае. Ён толькі голас. Ён быў прапаведнікам пакаяння, які хрысціў, быў хрысціцелем, але які ясна казаў: “Пасля мяне ідзе іншы, мацнейшы за мяне, большы за мяне, якому я няварты развязаць раменьчык на сандалях і Ён будзе хрысціць агнём і Святым Духам”, - нагадаў Папа.

Францішак асаблівым чынам адзначыў пакору і сціпласць Яна Хрысціцеля, які на ўсе пытанні народу і настаўнікаў закону аб тым, ці з’яўляецца ён Месіяй, ясна адказваў: “Я ім не з’яўляюся”.

Папа параўнаў Яна Хрысціцеля з паходняй, якую не здолеў пагасіць “вецер пыхлівасці”. Ён адкрыў дзверы для сведчання аб Нябесным Айцэ і адышоў у бок, адмовіўся ад сябе, як пазней учыніў і Хрыстус, і заставаўся такім да канца: “у цемры камеры, у вязніцы, абезгалоўлены з-за капрызу танцоўшчыцы, нянавісці ідалапаклонніцы і слабасці п’яніцы”, сказаў Пантыфік.

Напрыканцы сваёй гаміліі Францішак заклікаў вернікаў паразважаць аб тым ці адкрывае іх хрысціянскае жыццё шлях Езусу і ці ўказвае на Яго. Папа таксама звярнуўся да прысутнай на літургіі пажылой пары сужонкаў, у 50-ю гадавіну іх сумеснага жыцця, заклікаючы працягваць быць сведкамі Хрыста.








All the contents on this site are copyrighted ©.