2016-12-15 10:56:00

Францішак да дыпламатаў: ненасілле – не праява слабасці


Ненасілле – гэта шлях, якім трэба ісці ў сучаснасці і будучыні дзеля будавання міру ў свеце, падкрэсліў Святы Айцец падчас сустрэчы з новымі пасламі пры Апостальскай Сталіцы. 15 снежня 2016 г. ён прыняў даверчыя граматы ў дыпламатычных прадстаўнікоў шасці краін: Бурундзі, Маўрыкія, Малдовы, Туніса, Фіджы і Швецыі.

Звяртаючыся да дыпламатаў, Пантыфік спаслаўся да тэмы свайго сёлетняга паслання на Сусветны дзень міру: “Ненасілле – стыль палітыкі для міру”. Францішак нагадаў, што прынцып ненасілля з’яўляецца паўсюднай каштоўнасцю, якая ў Евангеллі знаходзіць сваё спаўненне, але належыць таксама іншым “шляхетным і старажытным духоўным традыцыям”.

“У такім свеце, як сучасны, нажаль пазначаным войнамі і шматлікімі канфліктамі, а таксама распаўсюджаным насіллем, якое праяўляецца ў розных формах у штодзённасці, выбар на карысць ненасілля, як стылю жыцця ўсё больш становіцца патрабаваннем адказнасці на ўсіх узроўнях, ад сямейнага выхавання, да сацыяльнай, грамадскай, палітычнай дзейнасці і сферы міжнародных адносінаў”, - дадаў Папа.

Паводле слоў Святога Айца, прыярытэт заўсёды павінен надавацца дыялогу і шляху перамоў, што асабліва тычыцца займаючых высокія пасады на нацыянальным і міжнародным узроўнях асобаў. Выбар на карысць ненасілля – гэта не праява слабасці ці пасіўнасці, але наадварот. Ён патрабуе духоўнай сілы, мужнасці і здольнасці вырашаць праблемы і канфлікты з прыстойнасцю, па-сапраўднаму шукаючы супольнага дабра больш чым вузкіх інтарэсаў ідэалагічнага, эканамічнага ці палітычнага характару, лічыць Францішак. 

Папа нагадаў, што на працягу мінулага стагоддзя, дзякуючы сваім негвалтоўным лідэрам, многія народы здолелі мірным шляхам прыйсці да свабоды і справядлівасці. Гэтым шляхам трэба ісці ў сучаснасці і будучыні, пажадаў ён на заканчэнне сваёй прамовы да новых паслоў пры Святым Пасадзе.








All the contents on this site are copyrighted ©.