2016-12-15 13:03:00

Папа аб вернасці Яна Хрысціцеля пакліканню і праўдзе


Францішак адзначыў прыклад вернасці пакліканню і праўдзе св. Яна Хрысціцеля. Падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі 15 снежня 2016 г. ён падзяліўся разважаннямі аб постаці “апошняга прарока”.

Паводле Папы, таямніца велічы Яна Хрысціцеля ў яго вернасці праўдзе і пакліканню, якую захоўваў нягледзячы на рызыкі для ўласнага жыцця. Ён рашуча асуджаў фарысеяў і нават самога караля Ірада, але з лагоднасцю навучаў і хрысціў простых людзей, прымаючы ад іх нават адзін крок у напрамку навяртання. “Гэта пастыр, які ведаў сітуацыю людзей і дапамагаў ім ісці наперад з Панам”, - падкрэсліў Францішак.

Святы Айцец заўважыў, што ў жыцці Яна Хрысціцеля былі і цёмныя моманты, ён меў свае сумнівы. “Вось веліч Яна, вялікага, апошняга з чарады вернікаў, якая пачалася ад Абрагама. Вось веліч таго, хто абвяшчаў пакаянне, хто не карыстаўся паўсловамі, каб асуджаць ганарлівых, хто дазволіў сабе засумнявацца напрыканцы жыцця. Гэта цудоўная праграма хрысціянскага жыцця”, - падкрэсліў Пантыфік.

Напрыканцы гаміліі Папа заклікаў вернікаў у малітве прасіць св. Яна аб ласцы апостальскай адвагі, каб заўсёды казаць рэчы праўдзіва, аб пастырскай любові, а таксама аб ласцы сумніваў, каб у іх, заўсёды выбіраць шлях, які вядзе да Пана.








All the contents on this site are copyrighted ©.