2016-12-15 12:17:00

Апублікавана пасланне Папы на Сусветны дзень хворага


Папа Францішак скіраваў пасланне на Сусветны дзень хворага, які традыцыйна адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле 11 лютага, ва ўспамін Маці Божай Лурдскай. Папскі дакумент быў апублікаваны 15 снежня 2016 г. у Ватыкане. 

Святы Айцец выказаў сваю блізкасць усім, хто жыве ў стане пакут, членам іх сем’яў і асобам, якія аказваюць рознабаковую дапамогу хворым. Усіх адрасатаў свайго паслання Папа заклікаў сузіраць жыццё Панны Марыі, “гаранта Божай пяшчоты для кожнага чалавека і прыкладу адмаўлення ад уласнай волі”, а таксама “заўсёды знаходзіць у веры, умацаванай Словам і сакрамэнтамі, сілу, каб любіць Бога і братоў нават у стане хваробы”.

Перад абліччам актуальных выклікаў у медыцынскай і тэхналагічнай сферах, Пантыфік нагадаў аб неад’емнай годнасці кожнага хворага, які заўсёды мае пэўную місію ў жыцці і ніколі не становіцца проста аб’ектам, нават калі пазначаны цяжкімі відамі няпоўнаспраўнасці. 

Францішак пажадаў, каб у свеце будавалася культура паважлівых адносін да жыцця, здароўя і навакольнага асяроддзя, каб быў дадзены новы імпульс барацьбе за павагу да інтэгральнасці і годнасці людзей, у тым ліку, праз належнае вырашэнне біяэтычных пытанняў,абарону самых слабых і наваколля.

Напрыканцы паслання Святы Айцец заклікаў быць радаснымі знакамі прысутнасці Божай любові, наследуючы прыклад мноства сяброў Бога, сярод якіх узгадаў св. Яна Божага і св. Каміла дэ Леліса – апекуноў шпіталёў і медыцынскіх работнікаў, а таксама св. Маці Тэрэзу з Калькуты – місіянерку Божай пяшчоты.








All the contents on this site are copyrighted ©.