2016-12-14 14:07:00

Прызначэнні ў Дыкастэрыі па інтэгральным развіцці


Святы Айцец зрабіў прызначэнні ў новаствораную Дыкастэрыю па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека. 14 снежня 2016 г. на пасады падсакратароў гэта структуры былі прызначаны кс. Майкл Чэрны і кс. Фабіа Баджа. Святары будуць непасрэдна дапамагаць Пантыфіку ў пытаннях, якія тычацца мігрантаў і бежанцаў. Адмысловае паведамленне апублікавала Зала Друку Апостальскай Сталіцы.

Кс. Майкл Чэрны нарадзіўся ў 1946 г. у Чэхаславакіі. У 1963 г. уступіў у Таварыства Езуса (Ордэн езуітаў) у Канадзе. Пасля заканчэння Чыкагскага ўніверсітэту заснаваў у Таронта езуіцкі Цэнтр па пытаннях веры і грамадскай справядлівасці. Затым кіраваў Інстытутам правоў чалавека ў Сан-Сальвадоры. З 1992 па 2002 гг. выконваў абавязкі сакратара па пытаннях грамадскай справядлівасці ў Генеральнай курыі Таварыства Езуса ў Рыме. Працаваў у Афрыцы, дзе кіраваў езуіцкім Цэнтрам па барацьбе са СНІДам і займаўся выкладчыцкай дзейнасцю. З 2010 г. з’яўляўся кансультантам Папскай рады “Iustitia et pax”.

Кс. Фабіа Баджа нарадзіўся ў 1965 г. у Італіі. У 1976 г. уступіў у кангрэгацыю Місіянераў св. Караля Барамея (скалабрыяне). Абараніў доктарскую дысертацыю па гісторыі ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце. Займаўся праблемамі мігрантаў у Чылі, Аргентыне, Бразіліі, Сальвадоры, Філіпінах і Італіі. З 2010 г. з’яўляўся выкладчыкам, а з 2013 г. і кіраўніком Скалабрыянскага міжнароднага інстытута па праблемах міграцыі (Scalabrini International Migration Institute) у Рыме.

Дыкастэрыя па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека была заснавана 17 жніўня 2016 г. папам Францішкам. Яна пачне дзейнічаць 1 студзеня 2017 г. уключыўшы ў сябе паўнамоцтвы, якія дагэтуль належаць да Папскай рады “Iustitia et pax”, Папскай рады “Cor Unum”, Папскай рады пастырства мігрантаў і падарожнікаў і Папскай рады пастырства работнікаў сферы аховы здароўя, з спыненнем існавання вышэйзгаданых Папскіх радаў.

Паводле статутаў структуры, кіраўніцтва секцыяй па пытаннях мігрантаў і бежанцаў будзе ажыцяўляць “ad tempus” сам папа Францішак. Прэфектам Дыкастэрыі Святы Айцец прызначыў кардынала Пітэра Тарксана, які ў цяперашні час з’яўляецца старшынёй Папскай рады “Iustita et pax”.








All the contents on this site are copyrighted ©.