2016-12-14 12:22:00

Папа: евангельскае пасланне – тэрмінова патрэбнае свету


Чалавецтва мае голад і прагу справядлівасці, праўды і міру, таму трэба несці яму пасланне збаўлення, падкрэсліў Святы Айцец 14 снежня 2016 г. падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. Працягваючы цыкл катэхез аб хрысціянскай надзеі Францішак нагадаў, што цуд уцелаўлення Бога з'яўляецца яе крыніцай.

Папа спаслаўся на скіраваны да Ерузалема заклік прарока Ісаі (Іс 52, 7.9-10), каб абудзіўся, таму што “Пан прыходзіць вызваліць свой народ”. “Якія прыгожыя на гарах ногі пасланца, які абвяшчае мір, які нясе радасць і абвяшчае збаўленне, які кажа Сіёну: Валадарыць Бог твой!”, - прыгадаў Пантыфік словы прарока і дадаў, што Пан “не пакінуў свой народ і не дазволіў злу перамагчы яго, таму што верны, а Яго ласка большая за грэх”. 

“Тое, што Бог перамагае грэх, значыць, што “Бог валадарыць”. Гэта словы веры ў Пана, моц якога пахіляецца над чалавецтвам, прыніжаецца, каб адарыць міласэрнасцю і вызваліць чалавека ад таго, што перакрыўляе ў ім цудоўны вобраз Бога, бо калі мы прабываем у граху вобраз Бога перакрыўляецца. Спаўненнем вялікай любові будзе менавіта Валадарства, усталяванае Езусам, Валадарства прабачэння і міру, якое мы святкуем падчас ўрачыстасці Божага Нараджэння і якое канчаткова спаўняецца ва Уваскрасенні Пана”, - сказаў Пантыфік.

Папа падкрэсліў, што ўрачыстасць Божага Нараджэння нясе радасны ўнутраны спакой, выкліканы ўпэўненасцю ў тым, што Бог злітаваўся, прабачыў грахі і прыйшоў, каб прынесці збаўленне. “Гэта радасць Божага Нараджэння”, - дадаў Святы Айцец.

“Калі ўсё здаецца скончаным, калі перад абліччам шматлікіх кепскіх з’яваў, верыць становіцца складана і ўзнікае спакуса казаць, што больш нічога не мае сэнсу, то з’яўляецца добрая навіна, прынесеная гэтымі хуткімі нагамі пасланца: Бог прыходзіць, каб споўніць штосьці новае, усталяваць Валадарства супакою; Бог “адкрыў святое плячо сваё” і прыходзіць, каб прынесці свабоду і суцяшэнне. Зло больш не будзе трыумфаваць ніколі. Прыйшоў канец пакутам. Роспач пераможана, таму што Бог з намі”, - сказаў Папа.

Па словах Францішка, хрысціяне павінны абудзіцца згодна з заклікам прароку і несці свету Добрую Навіну збаўлення.

“Мы пакліканы стаць людзьмі надзеі, спрыяючы надыходу гэтага Валадарства святла, прызначанага ўсім. Як дрэнна калі сустракаем хрысціяніна, што згубіў надзею і кажа: “Я больш не спадзяюся, для мяне ўсё скончана”; хрысціяніна, які няздольны бачыць гарызонты надзеі, бо перад яго сэрцам ёсць толькі мур. Але Бог разбурае гэтыя муры прабачэннем! Таму мы молімся, каб Бог штодзённа даваў нам і ўсім, тую надзею, якая нараджаецца, калі бачым Бога ў бэтлеемскіх яслях. Пасланне Добрай Навіны, якое нам было даверана – тэрміновае. Мы павінны бегчы, як пасланцы па гарах, бо свет не можа чакаць, чалавецтва мае голад і прагу справядлівасці, праўды і міру”, - сказаў Папа.

Напрыканцы сваёй катэхезы Францішак падкрэсліў, што Божае Нараджэнне – гэта час для таго, каб людзі маглі адкрыць свае сэрцы на Бога-Дзіцятка, Бога беднага, Бога, які адмаўляецца ад сваёй велічы і становіцца “блізкім да кожнага з нас”.








All the contents on this site are copyrighted ©.