2016-12-14 15:03:00

Ватыкан: місійнасць і сінадальнасць у цэнтры рэформ


Пасяджэнне Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам, якое прайшло ў Ватыкане 12-14 снежня 2016 г. было прысвечана далейшаму разгляду пытанняў, звязаных з удасканаленнем служэння дыкастэрый Рымскай курыі агульнай місіі Касцёла. Гаворка ішла пра Дзяржсакратарыят, Кангрэгацыі (Евангелізацыі Народаў, па справах Біскупаў і па справах Усходніх Касцёлаў), паведаміў журналістам кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы Грэг Бёрк.

Місійная дынаміка і сінадальнасць былі вызначаны кансультантамі Папы ў якасці прынцыпаў рэформы ватыканскіх структур. Кардыналы закончылі вывучэнне сітуацыі Кангрэгацый (Веравучэння, па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця, па справах Кананізацыі) і Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству і перадалі Францішку свае канчатковыя прапановы адносна іх.

У ходзе пасяджэння кардынал Кэвін Фарэл распавёў аб сітуацыі Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, якую ўзначальвае. Дыскусія была галоўным чынам сканцэнтравана на ролі свецкіх вернікаў. Прагучаў заклік нанова перачытаць пасланне Францішка да кардынала Марка Уэле, старшыні Папскай камісіі па справах Лацінскай Амерыкі ад 19 сакавіка 2016 г.

У сваю чаргу кардынал Пітэр Тарксан, прызначаны прэфектам Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, пазнаёміў папскіх дарадчыкаў з планам дзейнасці гэтай структуры. Яе заснаванне называлася рэалізацыяй канстытуцыі “Gaudium et spes” Другога Ватыканскага Сабору.

Прэфект Сакратарыяту па эканамічных пытаннях, кардынал Джордж Пэл і старшыня Папскай камісіі па абароне непаўналетніх кардынал Шон Патрык О’Мэлі распавялі аб актуальнай дзейнасці гэтых структур. Сакратарыят па камунікацыі Апостальскай Сталіцы прадставіў Радзе справаздачу аб ажыцяўленні рэформы ў гэтай сферы.

Наступнае пасяджэнне Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам пройдзе 13-15 лютага 2017 г.  








All the contents on this site are copyrighted ©.