2016-12-13 14:04:00

Францішак: клерыкалізм аддаляе людзей ад Касцёла


Дух клерыкалізма – гэта зло, якое працягвае існаваць ў Касцёле і выклікаць пакуты пакорнага і беднага Божага народу, падкрэсліў Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі 13 снежня 2016 г. – у 47-ю гадавіну свайго святарскага пасвячэння. У літургіі прынялі ўдзел члены Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам і падрыхтоўцы праекту рэформы Рымскай курыі, пасяджэнне якой праходзіць у Ватыкане. 

Спасылаючыся на літургічны евангельскі ўрывак (Мц 21, 28-32), Францішак заўважыў, што кніжнікі і фарысеі часта інструменталізавалі Божы закон дзеля ўласных мэтаў, пастаянна павялічваючы колькасць прадпісанняў. З дапамогай ўласнаручна складзенага закону, яны рэгулявалі ўсё, аднак усё больш аддаляліся ад Божага Аб’яўлення.

Паводле Папы, ахвярай гэтых людзей стаў не толькі Езус, але і “пакорны і бедны народ, які давяраў Пану”. Ён адчуваў сябе выкінутым на ўзбочыну, асуджаным, выкарыстаным. Такім жа адчуў сябе і Юда, які пакаяўся ў здрадзе Хрыста, але быў пакінуты без прабачэння першасвятарамі. 

“Няшчасны здраднік Юда пакаяўся, але не быў прыняты пастырамі, бо яны забыліся, што значыць быць пастырамі. Яны былі рэлігійнымі інтэлектуаламі, якія мелі ўладу, якія катэхізавалі народ мараллю, пабудаванай на фундаменце сваіх разважанняў, а не Божага Аб’яўлення”, - лічыць Францішак. 

Святы Айцец з жалем заўважыў, што падобная з’ява працягвае існаваць у сучасным Касцёле. “Існуе дух клерыкалізма”, а таксама праблема высакамернасці сярод духавенства, якое аддаляецца ад народу і не мае часу, каб слухаць бедных, пакутуючых, вязняў і хворых.

Францішак нагадаў, што Бог заўсёды імкнуўся станавіцца бліжэй да людзей. Пасланы Ім на зямлю Хрыстус накіраваўся менавіта да хворых, бедных, адчужаных, мытнікаў і распусніц. “Таксама і сёння Езус кажа ўсім нам, а таксама тым, хто спакушаны клерыкалізмам: “Мытнікі і распусніцы наперадзе вас ідуць у Валадарства Божае”, - падкрэсліў, завяршаючы сваю гамілію Пантыфік.








All the contents on this site are copyrighted ©.