2016-12-13 10:38:00

Нунцый уручыў даверчыя граматы Прэзідэнту Беларусі


Апостальскі нунцый у Беларусі Габар Пінтэр 13 снежня 2016 г. уручыў даверчыя граматы Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнка. Папа прызначыў іерарха сваім дыпламатычным прадстаўніком у краіне роўна сем месяцаў таму, 13 мая, у Беларусь ён прыбыў 18 жніўня.

Прыярытэтнай задачай сваёй працы арцыбіскуп Пінтэр лічыць арганізацыю візіту Пантыфіка ў Беларусь. У гэтым ён прызнаўся падчас размовы з журналістамі перад цырымоніяй уручэння даверчых грамат, перадае “БЕЛТА”. “Для мяне гэта прыярытэтная задача. Мы будзем працаваць над арганізацыяй візіту Папы ў Беларусь, але пакуль не магу сказаць адносна тэрмінаў і праграмы”, - адзначыў ватыканскі дыпламат. Ён падкрэсліў, што вельмі аптымістычна глядзіць на перспектывы развіцця адносін паміж Святым Пасадам і Рэспублікай Беларусь, і ў аснове ўсяго ляжыць “міралюбнасць” беларусаў, іх імкненне да міру з усімі краінамі. Паводле арцыбіскупа Пінтэра, гэта рыса супадае з асноўнымі задачамі, якія ставіць перад сабой Святы Пасад. Іерарх звярнуў увагу на добры ўзровень супрацоўніцтва паміж Рыма-каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой.

За чатыры месяцы свайго прабывання ў Беларусі ватыканскі дыпламат правёў некалькі сустрэч з беларускім дыпламатычным істэблішментам. 30 жніўня ён уручыў копіі даверчых грамат міністру замежных спраў Беларусі Уладзіміру Макею, а 5 верасня сустрэўся з намеснікам Міністра замежных спраў Аленай Купчыной. 29 верасня арцыбіскупа Пінтэра прыняў у сваёй рэзідэнцыі Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.








All the contents on this site are copyrighted ©.