2016-12-10 14:06:00

Папа: трэба вярнуць адпаведнае месца сельскай гаспадарцы


Вы пакліканы распаўсюджваць памяркоўны лад жыцця і культуру сельскай працы, якая палягае на прыярытэце чалавека, спагадлівасці ў адносінах да іншага і бескарыслівасці, сказаў папа Францішак 10 снежня 2016 г. у Ватыкане ўдзельнікам пасяджэння Міжнароднай каталіцкай сельскай асацыяцыі.

Пантыфік назваў прыкрасцю той факт, што сёння сельская гаспадарка больш не разглядаецца ў якасці першаснага сектара эканомікі, хоць па-ранейшаму ўлічваецца яе значнасць у працэсах развіцця, забеспячэння харчовай бяспекі і жыцці вясковых тэрыторый.

Святы Айцец падкрэсліў моцную залежнасць сучаснай сельскай гаспадаркі ад рашэнняў і запатрабаванняў рынку. Іх задавальненне адбываецца коштам парушэння нармальных рытмаў вясковага жыцця з яго гадзінамі працы і адпачынку, вольным часам і клопатам пра сям’ю. “Гэта прымушае вясковых жыхароў канстатаваць, што развіццё не аднолькавае для ўсіх, нібы жыццё ў сельскай мясцовасці мае меншую каштоўнасць”, - адзначыў Папа. Салідарнасці, да якой паўсюдна заклікаюць як да сродку рашэння праблемы, недастаткова, калі яна не суправаджаецца справядлівым размеркаваннем зямель, годнай аплатай сельскагаспадарчай працы і забеспячэннем доступу да рынку збыта, запэўніў Святы Айцец.

Гісторыя “Міжнароднай каталіцкай сельскай асацыяцыі” дэманструе, што прымяняць хрысціянскі лад жыцця ў сельскай гаспадарцы магчыма, прызнаючы сутнаснымі і неад’емнымі нават у сітуацыях найбольшай беднасці каштоўнасць чалавека, сямейнае і сацыяльнае вымярэнні і салідарнасць.

Францішак заклікаў членаў асацыяцыі да актыўнага супрацоўніцтва з міжнароднымі інстытутамі ў пошуку рашэнняў праблем, якія ўваходзяць у яе кампетэнцыю. Ён нагадаў пра неабходнасць арыентавацца на рэальныя патрэбы людзей, каб тым самым пазбегнуць страт і марнатраўства, неабачлівага выкарыстання тэхнік, якія вядуць да павышэння прадуктыўнасці за кошт памяншэння біялагічнай разнастайнасці.

“Вы пакліканы распаўсюджваць памяркоўны лад жыцця і культуру сельскай працы, якая засноўваецца і мае ў якасці сваіх мэтаў прыярытэт чалавека, спагадлівасць у адносінах да іншага і бескарыслівасць”, - сказаў на заканчэнне папа Францішак.

“Міжнародная каталіцкая сельская асацыяцыя” з’яўляецца недзяржаўнай некамерцыйнай арганізацыяй, якая была заснавана ў Рыме ў 1962 г. з мэтай стварэння структуры, якая б забяспечвала супрацоўніцтва даследчых інстытутаў, фондаў, каталіцкіх асацыяцый і рухаў, што дзейнічаюць у сельскагаспадарчым сектары. У 1965 г. атрымала прызнанне з боку Святога Пасаду.








All the contents on this site are copyrighted ©.