2016-12-09 12:32:00

Другое адвэнтавае казанне аб дары распазнавання духаў


“Распазнаванне духаў” (1 Кар 12, 10) – гэтаму дару Духа Святога прысвяціў другое адвэнтавае казанне для Святога Айца і супрацоўнікаў Рымскай курыі прапаведнік Папскага дому. Сваімі разважаннямі айцец Раньера Канталамеса падзяліўся 9 снежня 2016 г. у ватыканскай капліцы “Redemptoris Mater”.

Першапачатковы сэнс гэтага дару прапаведнік патлумачыў словамі апостала Яна, які заклікаў правяраць “духаў, ці яны ад Бога” і адрозніваць “духа праўды і духа фальшу” (1 Ян 4, 1- 6).

Найбольшыя цяжкасці ў прымяненні гэтага дару ў рэлігійным жыцці звязаны з распазнаннем так званых знакаў часу. Па словах капуцына, місія Касцёла разглядаць іх у святле Евангелля, не значыць прымяняць у адносінах да іх старыя і нязменныя правілы – наадварот, даваць на гэтыя выклікі новыя адказы. Адсюль і вынікае страх паставіць пад сумніў аўтарытэтнасць вучэння Каталіцкага Касцёла. Прапаведнік Папскага дому заклікаў “верыць у здольнасць Духа Святога чыніць згоду, нават, калі часам можа падавацца, што працэс выходзіць з-пад кантролю”. 

Ён прывёў словы папы Грыгорыя I Вялікага, які казаў, што “Святое Пісанне ўзрастае разам  з тымі, хто яго чытае”, і нагадаў нязменнае правіла, якім кіраваўся Езус ва ўсіх сваіх учынках: “не” – граху, “так” – грэшніку, бо грэшнік – гэта Божае стварэнне, у той час як грэх ад Бога не паходзіць. Нарэшце, яшчэ адной важнай умовай у распазнанні знакаў часу, нагадаў прапаведнік, павінна быць калегіяльнасць біскупаў – пошук згоды і адзінства поглядаў на тыя ці іншыя пытанні.

Прымяненне дару “распазнавання духаў” у прыватным жыцці заключаецца ў адрозненні “Духа ад Бога” і “духа свету” (1 Кар 2, 12). У гэтым могуць дапамагчы: правіла, якое даў сам Езус, калі навучаў супрацьпастаўляць учынкі цела “плёну духа” (Гал 5, 19 - 22), прынцып “святой індыферэнтнасці”, прапанаваны св. Ігнацыем Лаёлай, які азначае абсалютную гатоўнасць распазнаць і прыняць Божую волю, і, нарэшце, шчыры рахунак сумлення.

Айцец Канталамеса запрасіў ва ўсіх жыццёвых справах, рашэннях і выбарах кіравацца Святым Духам, даверыцца Яму, як давяраюцца “струны арфы пальцам музыканта”. Часам дастаткова кароткай малітвы і звароту да свайго сэрца, каб не страціць “духоўнага накірунку” свайго жыцця, запэўніў прапаведнік.








All the contents on this site are copyrighted ©.