2016-12-08 11:41:00

Ёлка і яслі на плошчы св. Пятра падрыхтаваныя да інаўгурацыі


На ватыканскай плошчы св. Пятра завяршылася інсталяцыя святочнай ёлкі і ясляў Божага Нараджэння. 9 снежня 2016 г. пройдзе іх ўрачыстая інаўгурацыя, перад якой Францішак прыме на аўдыенцыі ўдзельнікаў гэтай падзеі: дэлегацыі з італьянскага Трэнта і Мальты, адкуль былі дастаўлены адпаведна ёлка і яслі, а таксама групу дзяцей, якія стварылі ёлачныя аздабленні.

Сёлета падрыхтоўка да Божага Нараджэння ў Ватыкане праходзіць у духу салідарнасці з ахвярамі землятрусу, які некалькі месяцаў таму адбыўся ў цэнтральнай Італіі і выклікаў вялікія чалавечыя ахвяры і шматлікія разбурэнні. Рэстаўратарамі Ватыканскіх музеяў на плошчу св. Пятра быў дастаўлены і ўстаноўлены побач з яслямі пілястр разбуранай землятрусам базылікі св. Бэнэдыкта ў Норчы. Ахвяраванні, якія вернікі традыцыйна пакідаюць падчас наведвання стаенкі, будуць накіраваны на аднаўленне сабора.

Сродкі на дапамогу ахвярам землятрусу збіраюцца таксама на дабрачыннай латэрыі, якая праходзіць у Ватыкане з нагоды завяршэння Юбілейнага Году Міласэрнасці і святаў Божага Нараджэння. Сёлета латэрэйныя білеты ўпершыню можна набываць не толькі ў публічных ватыканскіх установах, але і на сайце www.vaticanstate.va. Розыгрыш прызоў пройдзе 2 лютага 2017 г. 

25-мятровая святочная ёлка была дастаўлёна ў Ватыкан з ваколіц мястэчка Скурэле, якое знаходзіцца ў аўтаномнай правінцыі Трэнта, у паўночнай Італіі. Яе ўпрыгожваюць керамічныя шары, зробленыя дзецьмі з анкалагічных аддзяленняў італьянскіх педыятрычных клінік. Ілюмінацыю дрэва забяспечваюць18 тыс. святлодыёдаў, агульнай вагой у 140 кг і спажываннем электраэнергіі ўсяго каля 2 кілават на гадзіну.

У сваю чаргу, яслі Божага Нараджэння для галоўнай ватыканскай плошчы сталі дарам Каталіцкага Касцёла і ўладаў Мальты. У іх размешчаны 17 фігур з пап’е-машэ, апранутых у традыцыйныя мальтыйскія строі. У інтэр’ер змешчана тыповая мальтыйская лодка, якая павінна нагадваць не толькі пра традыцыйны для гэтага вострава рыбацкі промысел, але і пра сітуацыю шматлікіх бежанцаў, якія ў пошуках новага жыцця спрабуюць пераадолець Міжземнае мора.








All the contents on this site are copyrighted ©.