2016-12-07 15:52:00

Францішак адказаў на актуальныя пытанні журналістаў


Мадэль, згодна з якой рэлігія аддзелена ад грамадскага жыцця, з’яўляецца састарэлай, падкрэсліў Францішак у інтэрв’ю бельгійскаму каталіцкаму штотыднёвіку “Tertio”. Хоць, гаворачы аб розніцы паміж свецкасцю і лаіцызмам, Святы Айцец назваў свецкую дзяржаву больш станоўчай мадэллю ў параўнанні з канфесійнай. Адной з яе важных рысаў з’яўляецца адкрытасць на трансцэндэнтнасць. Гэта неад’емная частка чалавечай асобы, і калі дзяржава яе адмаўляе, яна нібыта “адразае” гэту частку, лічыць Пантыфік.

У інтэрв’ю закраецца тэма рэлігійнага фундаменталізму. Францішак нагадаў, што ніводная рэлігія не можа распальваць войнаў, бо такім чынам яна абвяшчала б “бога разбурэнняў, бога нянавісці”. Групы фундаменталістаў ёсць ва ўсіх веравызнаннях, “у тым ліку і ў нас”, заўважыў Папа і дадаў, што яны “разносяць хваробу” ва ўласнай рэлігіі і правакуюць падзелы ў супольнасцях.

Паводле Святога Айца, праз сто гадоў пасля заканчэння Першай сусветнай вайны свет усё яшчэ перажывае глабальны канфлікт – “фрагментарны”. Папа заўважыў, што лозунгу “не” для вайны” вельмі часта спадарожнічае продаж зброі. Ён з жалем дадаў, што Еўропе не хапае сапраўдных лідэраў, такіх як Рабэр Шуман, Альчыда Дэ Гасперы, Конрад Адэнаўэр, якія б маглі пакласці канец войнам.

Францішак заклікаў да большай адказнасці сродкі масавай камунікацыі, якія падвяргаюцца мноству спакусаў: пляткарству, ачарненню,“ануляванню” людзей і навязліваму жаданню перадаваць скандальныя навіны.

Папа выказаў пажаданне, каб святары “не баяліся быць пяшчотнымі”. Паводле яго слоў, “сёння існуе патрэба ў рэвалюцыі пяшчоты ў свеце, які пакутуе ад “кардыёсклерозу”.








All the contents on this site are copyrighted ©.