2016-12-07 13:04:00

Папа: давер да Бога ператварае жыццё з пустыні ў аўтастраду


Чалавечае жыццё часта з’яўляецца пустыняй, па якой складана ісці, “але, калі даверыцца Богу, яно можа стаць цудоўным і шырокім, як аўтастрада”, сказаў Францішак 7 лістапада 2016 г. падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. Святы Айцец пачаў новы цыкл катэхез, прысвечаны хрысціянскай надзеі – цноце, асабліва патрэбнай у сучасную эпоху, пазначаную пачуццём разгубленасці і бяссіля перад абліччам зла і насілля ў свеце.

Папа заклікаў вернікаў не дазволіць надзеі пакінуць сябе. “Асабліва ў гэты перыяд Адвэнту, час чакання, калі рыхтуемся прыняць яшчэ раз суцяшальную таямніцу Уцелаўлення і святло Божага Нараджэння, важна разважаць над надзеяй. Дазволім Пану навучыць нас таму, што значыць спадзявацца”, - дадаў ён.

Францішак падкрэсліў, што Бог заўсёды пасылае вестуноў надзеі, напрыклад, так было з прарокам Ісаяй. “Бог Айцец суцяшае абуджаючы суцяшальнікаў, якіх заклікае падбадзёрваць народ, сваіх дзяцей, абвяшчаючы, што ўціск скончыўся, пакуты скончыліся і грэх быў прабачаны. Менавіта гэта лечыць пакутлівае і спалоханае сэрца. Таму прарок кліча падрыхтаваць дарогу Пану, адкрываючыся на Яго дары і Яго збаўленне”, - заўважыў Святы Айцец.

Пантыфік падкрэсліў, што Ісая прапаведваў ізраільцянам у момант моцных выпрабаванняў, калі яны апынуліся ў пустыні, пазбаўленыя ўсяго. “Выгнанне ізраільскага народа было драматычным момантам гісторыі, калі людзі згубілі ўсё. Згубілі Айчыну, свабоду, годнасць, а таксама давер да Бога. Народ адчуваў сябе пакінутым, пазбаўленым надзеі. Аднак, заклік прарока адкрыў сэрцы людзей на веру. Пустыня – гэта месца, дзе цяжка жыць, але менавіта па ёй яны маглі цяпер крочыць, каб вярнуцца не толькі на Айчыну, але і да Бога, зноў пачаць жыць надзеяй і ўсміхацца”, - падкрэсліў Папа.

На думку Францішка, чалавечае жыццё часта з’яўляецца пустыняй, па якой складана ісці, “але, калі даверыцца Богу, яна можа стаць цудоўнай і шырокай, як аўтастрада”. “Дастаткова ніколі не губляць надзеі, дастаткова працягваць верыць, заўсёды і нягледзячы ні на што”, - сказаў ён. 

Папа заўважыў, што словы прарока Ісаі выкарыстаў Ян Хрысціцель, калі заклікаў да навяртання, кажучы: “Голас таго, хто кліча ў пустыні: “Падрыхтуйце дарогу Пану” (Мц 3,3). Ён звяртаўся да ізраільцянаў у момант іншага выпрабавання: панавання моцных рымскіх захопнікаў, якія вырашалі іх лёс.

“Але сапраўдная гісторыя робіцца не моцнымі, а Богам, разам з Яго малымі. Сапраўдную гісторыю – якая застанецца ў вечнасці – Бог піша са сваімі малымі: Бог з Марыяй, Бог з Езусам, Бог з Юзафам, Бог з малымі. Гэта малыя і простыя, якіх бачым вакол Езуса, Які нараджаецца: Захарыя і Альжбета, старыя і пазначаныя бясплоддзем; Марыя, маладая цнатлівая дзяўчына, заручаная з Юзафам; пастухі, якімі пагарджалі і з якімі не лічыліся. Яны малыя, якія сталі вялікімі дзякуючы сваёй веры, малыя, якія ўмелі працягваць спадзявацца. Надзея – гэта цнота малых. Вялікія, задаволеныя – не ведаюць надзеі. Не ведаюць чым яна з’яўляецца”, - лічыць Папа.

Францішак падкрэсліў, што разам з Богам менавіта “малыя” могуць перамяніць пустыню выгнання, роспачную адзіноту, пакуты, у роўную дарогу, па якой можна ісці да Божай хвалы.








All the contents on this site are copyrighted ©.