2016-12-06 15:13:00

Этыка адказнасці замест палітыкі ядзернага стрымлівання


У гарантаванні ядзернай бяспекі міжнародная супольнасць павінна карыстацца этыкай адказнасці, каб будаваць атмасферу даверу і ўмацоўваць шматбаковае супрацоўніцтва, падкрэсліў намеснік сакратара па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі падчас канферэнцыі Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі на тэму ядзернай бяспекі. Форум праходзіць 5-9 снежня 2016 г. у Вене.

Кс. прэлат Антуан Камільеры заўважыў, што логіка страху і недаверу, якая выражаецца ў палітыцы ядзернага стрымлівання, павінна быць пераадолена і заменена логікай глабальнай этыкі. Існуе патрэба ў этыцы адказнасці, салідарнасці і сумеснай бяспекі, якая дазволіць трымаць пад кантролем атамныя тэхналогіі, дадаў ён.

Святы Пасад выступае за нераспаўсюджванне ядзернай зброі, за поўнае ядзернае раззбраенне і выкарыстанне атамных тэхналогій выключна ў мірных мэтах. Галоўныя высілкі павінны быць накіраваны на фізічны кантроль за ядзернымі матэрыяламі, паколькі яго адсутнасць можа прывесці да катастрафічных наступстваў. Неабходна таксама супрацьдзенне ўнутраным пагрозам і абарона інфармацыі па ядзернай бяспецы ад магчымых кібер-атак.

Прадстаўнік ватыканскай дыпламатыі ад імя Апостальскай Сталіцы заклікаў краіны-члены Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі да адказнага выканання ўзятых на сябе абявязацельстваў, а таксама да поўнага ажыццяўлення Трактату аб нераспаўсюджванні ядзернага ўзбраення.








All the contents on this site are copyrighted ©.