2016-12-06 12:24:00

Папа: двайное жыццё, як рыса згубленай авечкі


Хто не ведае Божай пяшчоты, той не ведае хрысціянскага вучэння, падкрэсліў Францішак 6 снежня 2016 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. Спасылаючыся на евангельскую прыпавесць пра згубленую авечку (Мц 18,12-14), Пантыфік заўважыў, што “Бог ніколі не перастае нас шукаць”.

“Ён прыходзіць як суддзя, але суддзя, які робіць лагодныя жэсты, суддзя поўны пяшчоты. Ён робіць усё, каб збавіць нас”, - адзначыў Папа. Паводле Святога Айца, “авечка згубілася, не таму, што не мела компаса ў руках, яна добра ведала дарогу”, але таму, што “мела хворае сэрца” і імкнулася аддаліцца ад Пана, “каб насыціць тую ўнутраную цемру, якая прывяла яе да двайнога жыцця”: знаходжання ў статку і ўцёкаў у цемру.

Францішак падкрэсліў, што дасканалым прыкладам такой згубленай авечкі з’яўляецца Юда Іскарыёт: чалавек, які заўсёды меў горыч у сэрцы, які заўсёды ведаў, за што пакрытыкаваць іншых, заўсёды быў незадаволены, і таму адчужаўся ад статку. Па словах Папы, такое жыццё вядуць многія хрысціяне, у тым ліку біскупы і святары, а “ўнутраную хваробу” гэтых людзей выкарыстоўвае д’ябал. 

Святы Айцец падкрэсліў, што да акту адчаю, які ўчыніў Юда, калі ўбачыў, колькі зла пасеяў вакол сябе, Бог працаваў з яго душой, шукаў яго, як згубленую авечку. Важна адгукнуцца на Божую любоў і змяніць сэрца, шукаць суцяшэння ў Пана, а не ўцякаць ад рэчаіснасці і ўнутраных згрызотаў, заклікаў Пантыфік.

Напрыканцы сваёй катэхезы Францішак заўважыў, што Бог ніколі не папракае тых, хто вяртаецца да Яго, нават калі яны ўчынілі вялікае зло. Папа пажадаў, каб у перыяд падрыхтоўкі да Божага Нараджэння, вернікі шчыра вызналі свае грахі і чакалі прыйсця Пана, Які нясе суцяшэнне і пяшчоту.








All the contents on this site are copyrighted ©.