2016-12-04 11:50:00

Францішак падзякаваў Барталамею І за экуменічную дзейнасць


Святы Айцец выказаў падзяку Патрыярху Канстантынопальскаму Барталамею І “за садзейнічанне ўсё большай еднасці паміж усімі веруючымі ў Хрыста”. Пантыфік скіраваў адмысловую тэлеграму з нагоды ўручэння прадстаяцелю Экуменічнага Патрыярхату прэміі імя св. Мікалая – узнагароды Апулійскага тэалагічнага інстытута. Цырымонія яе ўручэння пройдзе 5 снежня 2016 г. у Бары, на поўдні Італіі.

У сваім пасланні Францішак выказаў духоўную еднасць з “дарагім братам Барталамеем” ва ўшанаванні св. Мікалая, рэліквіі якога на працягу амаль тысячы гадоў захоўвацца ў Бары, і даверыў заступніцтву гэтага святога, якога вельмі шануюць, як на Усходзе, так і на Захадзе, супольную малітву “аб жаданым дасягненні поўнага адзінства паміж хрысціянамі”.

Прэмія імя св. Мікалая прысуджаецца Апулійскім тэалагічным інстытутам штогадова з 1995 г. за уклад у развіццё экуменізму. На сёлетняй цырымоніі яе ўручэння будзе прысутнічаць біскуп Браян Фарэл, сакратар Папскай рады спрыяцця хрысціянскаму адзінству.








All the contents on this site are copyrighted ©.