2016-12-04 13:24:00

Пантыфік: важна духоўная падрыхтоўка да Божага Нараджэння


Урачыстасць Божага Нараджэння – гэта не толькі дзень знешняй вялікай радасці, а перш за ўсё рэлігійная падзея, да якой патрэбна духоўная падрыхтоўка, нагадаў Святы Айцец 4 снежня 2016 г. падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі” ў Ватыкане.

“Евангелле другой нядзелі Адвэнту паўтарае заклік Яна Хрысціцеля: “Пакайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае” (Мц 3,2), – заўважыў Францішак. – Гэтымі ж словамі Езус дасць пачатак сваёй місіі ў Галілеі (пар. Мц 4,17); і такое самае абвяшчэнне павінны будуць несці вучні падчас свайго першага місійнага досведу (пар. Мц 10,7). Евангеліст Мацвей хоча прадставіць Яна ў якасці таго, хто рыхтуе дарогу надыходзячаму Хрысту, а вучняў, у якасці тых, хто працягвае прапаведванне Езуса. Гаворка ідзе пра тое ж радаснае абвяшчэнне: прыходзіць Божае Валадарства. Больш за тое – яно ўжо блізка, яно сярод нас! Гэтыя словы – вельмі важныя! Божае Валадарства – сярод вас, кажа Езус. А Ян абвяшчае тое, што сказаў Езус пазней: Божае Валадарства прыйшло! Яно сярод вас! Гэта галоўнае пасланне кожнай хрысціянскай місіі.

Калі місіянер, калі хрысціянін ідзе абвяшчаць Езуса – ён не ідзе здзейсняць акты празелітызму, як заўзятар, які жадае, каб было больш прыхільнікаў у ягонай каманды. Ён проста ідзе абвяшчаць: Божае Валадарства сярод вас! І так місіянер рыхтуе дарогу Езусу, які сустракае свой народ.

Чым жа з’яўляецца Божае Валадарства, Нябеснае Валадарства? Гэта сінонімы. Мы адразу думаем пра нешта, што тычыцца іншага свету: вечнае жыццё. Канешне, Божае Валадарства бязмежна пашыраецца далей за зямное жыццё, але цудоўная навіна, якую нясе Езус – і якую абвяшчае Ян – заключаецца ў тым, што Божага Валадарства мы не павінны чакаць у будучыні: яно наблізілася, пэўным чынам яно ўжо тут і мы ужо зараз можам адчуць яго духоўную моц. Бог прыходзіць, каб усталяваць сваё панаванне над нашай гісторыяй, нашым штодзённым жыццём. Там дзе яно будзе з верай і пакорай прымацца заквітнеюць любоў, радасць і мір.

Умовай для ўваходу ў гэта Валадарства з’яўляецца здзейсненне перамены ў нашым жыцці, гэта значыць пакаянне. Гаворка ідзе пра тое, каб пакінуць зручныя, але падманлівыя шляхі ідалаў гэтага свету: поспех любой цаной, уладу за кошт самых слабых, прагненне багаццяў, задавальненні любым коштам і адкрыць шлях Пану, які прыходзіць: Ён не пазбаўляе нас свабоды, але дорыць сапраўднае шчасце. З нараджэннем Езуса ў Бэтлееме сам Бог пасяліўся сярод нас, каб вызваліць нас ад эгаізму, граху і амаральнасці, ад гэтых д’ябальскіх паходзінаў: пошуку поспеху любой цаной, улады за кошт самых слабых, прагнення багаццяў, задавальненняў любым коштам.

Урачыстасць Божага Нараджэння – гэта таксама дзень знешняй вялікай радасці, але перш за ўсё, гэта рэлігійная падзея, да якой неабходна духоўная падрыхтоўка. У гэты час Адвэнту будзем кіравацца заклікам Хрысціцеля: “Падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце сцежкі Яму” (Мц 3,3). Мы падрыхтуем дарогу Пану і выраўняем Яму сцежкі, калі прааналізуем сваё сумленне, калі ўважліва паразважаем над сваімі паводзінамі, каб пазбавіцца ад тых грахоўных дзеянняў, пра якія я ўжо казаў і якія не з’яўляюцца Божымі: пошуку поспеху любой цаной, улады за кошт самых слабых, прагнення багаццяў, задавальненняў любым коштам.

Няхай Панна Марыя дапаможа нам падрыхтавацца да сустрэчы з гэтай “заўсёды большай Любоўю”, якая ў ноч Божага Нараджэння стала маленькай-маленькай, як зерне, што ўпала ў зямлю. Езус з’яўляецца гэтым зернем: зернем Божага Валадарства.

Пасля марыйнай малітвы Францішак прывітаў прысутныя на плошчы св. Пятра групы пілігрымаў і спасылаючыся на маючую адбыцца 8 снежня ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі заклікаў прасіць Божую Маці аб сардэчным пакаянні і дары міру.








All the contents on this site are copyrighted ©.