2016-12-03 13:49:00

Субстытут Святога Пасаду – кавалер Ордэна Ганаровага легіёна


Субстытут Дзяржсакратарыяту Апостальскай Сталіцы арцыбіскуп Анджэла Бэчу ўзнагароджаны ордэнам Ганаровага легіёна. Афіцыйную цырымонію надання іерарху звання кавалера, якая адбылася 1 снежня 2016 г., узначаліў пасол Францыі пры Апостальскай Сталіцы Філіп Цэлер.

Выказваючы ўдзячнасць за атрыманае высокае прызнанне, іерарх падкрэсліў, што гэта не прывілей, а “абноўлены абавязак маліцца” за Францыю. Робячы спасылкі на “Геній хрысціянства” класіка французскай літаратуры Франсуа Шатабрыяна і энцыкліку папы Францішка “Laudato si’”, арцыбіскуп Бэчу падкрэсліў, як важна краіне не пагарджаць спадчынай, здабытай на працягу гісторыі. Ён працытаваў французскага філосафа Жака Марытэна, адзначыўшы, што дзяржава, дэмакратычная па сваёй сутнасці, не проста чэрпае натхненне з Евангелля – яна без яго не можа існаваць.

На цырымоніі ўручэння ватыканскаму іерарху найвышэйшай узнагароды Францыі прысутнічалі шматлікія прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса і духавенства, у тым ліку, старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу кардынал Жан-Луі Таран, які паходзіць з Францыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.