2016-12-02 14:07:00

Папа да піяраў: існуе патрэба ў евангелізацыйнай педагогіцы


Святы Айцец скіраваў пасланне членам каталіцкага Ордэна Пабожных школ, вядомага таксама як Ордэн піяраў. 27 лістапада 2016 г. у гэтай манаскай супольнасці распачаўся Юбілейны год, прымеркаваны да 400-годдзя яе заснавання і 250-годдзя кананізацыі заснавальніка Ордэна, св. Юзафа Каласанса.

Асноўны напрамак дзейнасці айцоў піяраў – адукацыйны. У сувязі з гэтым Францішак заклікаў законнікаў дазволіць, каб Дух Святы напоўніў іх школы. Ён пажадаў піярам “асвятляць вызваляючую і збаўчую моц Евангелля” праз адукацыйную дзейнасць на ўсіх мовах і ва ўсіх культурных асяроддзях.

Па словах Папы, важна, ідучы за наказамі Святога Духа, адказваць на глыбокія патрэбы дзяцей і моладзі. “Глядзіце ім у твар і заражайцеся іх ззянем, каб станавіцца носьбітамі будучыні і надзеі. Няхай Бог дазволіць вам аказацца па-прароцку прысутнымі ў тых кутках, дзе самыя маленькія пакутуюць па прычыне несправядлівасці”, - пажадаў Пантыфік.

Святы Айцец нагадаў, што “сёння мільёны дзяцей застаюцца без доступу да адукацыі, адчужанымі ў вялікіх гарадах, абмежаванымі ў сваіх спадзяваннях і планах на будучыню з-за чалавечага эгаізму і прагнасці. Ён падкрэсліў тэрміновую патрэбу сучаснага свету ў “евангелізацыйнай педагогіцы, якая б здолела перамяняць сэрцы і рэчаіснасць згодна з Божым Валадарствам”.
    
Ордэн піяраў быў заснаваны іспанскім святаром Юзафам Каласансам у 1597 г. Менавіта тады ён адкрыў першую бясплатную школу для бедных, што дало пачатак цэлай сетцы падобных адукацыйных устаноў. Святыр быў кананізаваны ў 1767 г., а у 1948 г. Пій XII абвясціў яго “апекуном хрысціянскіх агульнаадукацыйных школ ва ўсім свеце”.

У Беларусі яго духоўныя паслядоўнікі працуюць ў Шчучыне, Лідзе і Чавусах.








All the contents on this site are copyrighted ©.