2016-12-02 11:42:00

Пантыфік агучыў малітоўную інтэнцыю на снежань


Ватыканскі тэлецэнтр распаўсюдзіў 1 снежня 2016 г. праз свой канал у “Youtube” відэаролік, у якім Францішак паведамляе і тлумачыць сваю малітоўную інтэнцыю на снежань. Пантыфік запрашае маліцца, “каб ва ўсіх частках свету была выкаранена ганебная з'ява выкарыстання дзяцей-салдат”.

Святы Айцец выказаў занепакоенасць тым, што ў свеце, дзе развіваюцца высокія тэхналогіі, прадаюць зброю, якая апынаецца ў руках дзяцей, што выкарыстоўваюцца ў якасці салдат. “Мы павінны рабіць усё магчымае, каб годнасць дзяцей паважалася, і пакласці канец гэтай форме нявольніцтва”, - заклікаў Францішак. 

Яго словы гучаць на фоне кадраў са шчаслівага дзяцінства, калі дзеці бесклапотна гуляюць, адпачываюць і ўсміхаюцца. “Кім бы ты ні быў, калі ўсхваляваны, як і я, прашу далучыцца да гэтай малітоўнай інтэнцыі”, - заклікаў Святы Айцец.

У якасці евангелізацыйнай інтэнцыі на снежань Папа прапанаваў маліцца аб тым, “каб еўрапейскія народы нанова адкрылі хараство, дабрыню і праўду Евангелля, якое напаўняе жыццё радасцю і надзеяй”.








All the contents on this site are copyrighted ©.