2016-12-01 13:17:00

Францішак прыняў дэлегацыю грузінскіх католікаў


Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі дэлегацыю грузінскіх вернікаў, якая 1 снежня 2016 г. прыбыла ў Ватыкан, каб падзякаваць яму за нядаўні візіт у іх краіну.

“Я ніколі не думаў сустрэць у Грузіі тое, што я там пабачыў: культуру, духоўнасць, народ, што праслаўляе Езуса Хрыста, як Збаўцу, паколькі з’яўляецца народам хрысціянскім. Я меў вялікую радасць. Акрамя таго, гаворачы пра экуменічны аспект, мяне моцна ўразіла асоба Патрыярха Іллі ІІ: я сустрэў там проста Божага чалавека”, - прызнаўся Пантыфік.

Святы Айцец станоўча ўзгадаў пра сустрэчу з грузінскай каталіцкай супольнасцю і высока ацаніў адказнасць свецкіх католікаў за мясцовы Касцёл, а таксама працу святароў і законнікаў.

Падарожжа Францішка ў Грузію прайшло з 30 верасня па 2 кастрычніка 2016 г. Ён наведаў Тбілісі і Мцхету. Нягледзячы на тое, што галоўным чынам візіт насіў экуменічны характар, Пантыфік сустрэўся з грузінскім каталіцкім духавенствам, семінарыстамі і прадстаўнікамі каталіцкіх структур, а таксама наведаў тбілісскую паліклініку “Redemptoris Hominis”, якая належыць айцам-каміліянам.

У рамках свайго падарожжа на Каўказ, 2 кастрычніка 2016 г. Папа таксама здзейніў аднадзённы візіт у Азербайджан, а да гэтага, 24-26 чэрвеня 2016 г., наведаў Арменію. У гэтых краінах ён таксама сустракаўся з прадстаўнікамі каталіцкай меншасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.