2016-12-01 13:12:00

Францішак: не супраціўляцца Божай ласцы


Францішак заклікаў вернікаў не супраціўляцца Божай ласцы, але прасіць дапамогі ў Пана, прызнаючы сябе грэшнікамі. Падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане 1 снежня 2016 г. Пантыфік распавёў пра розныя віды супраціву, якія вернікі ставяць перад Божай ласкай.

У першую чаргу ён заўважыў, што існуюць адкрытыя дабравольныя віды супраціву. Так паступаў біблійны Саўл, пазнейшы св. Павел, які быў упэўнены, што пераслед хрысціян, гэта Божая воля. І Езус спыніў яго. Адкрыты супраціў, гэта здаровая з’ява, перакананы Францішак, таму што чалавек застаецца “адкрытым на ласку навяртання”.

Больш небяспечнымі, паводле Папы, з’яўляюцца “схаваныя” формы супраціву, якія мае кожны вернік. Трэба “адкрыць іх і прадставіць перад Панам, каб Ён нас ачысціў”, інакш “працэс навяртання” спыняецца. 

Адным з відаў такога супраціву з’яўляецца “пустаслоўе”. Пантыфік паставіў у прыклад евангельскае апавяданне пра двух братоў, пасланых айцом у вінаграднік. Адзін з іх адказаў “не”, але затым пайшоў, а другі сказаў “так”, але не выканаў абяцання. Іншы від супраціву: гэта “апраўдальныя словы”. Гаворка ідзе пра людзей, якія заўсёды сябе апраўдваюць і знаходзяць прычыну, каб супраціўляцца ласцы. Яны “спрабуюць апраўдаць сваю пазіцыю, каб не выконваць таго, што Пан ім указвае”, патлумачыў Папа. “Абвінаваўчыя словы” – гэта яшчэ адзін прыклад супраціву: калі вернікі асуджаюць усіх навокал, каб не звяртаць увагі на сябе і не прызнаваць патрэбы навяртання.

Паводле Папы, сам факт узнікнення супраціву ў сэрцы верніка, гэта “добры знак”, які сведчыць аб тым, што Бог “працуе з ім”. Важна, аднак, перамагчы супраціў і дазволіць ласцы дзейнічаць. Супраціў узнікае, таму што чалавек не жадае прымаць крыж, дадаў Святы Айцец. Ён заклікаў не баяцца ўзнікнення супраціву, але прызнаючы сябе грэшнікам прасіць дапамогі ў Бога, каб пераадолець яго.








All the contents on this site are copyrighted ©.