2016-12-01 11:42:00

Ватыканская газета аб трагедыі Галадамору


Успамін аб Галадаморы заклікае да малітвы за ахвяр гэтай трагедыі, а таксама папярэджвае аб недапушчэнні паўтарэння падобных падзей, напісала ватыканская газета “L’Osservatore Romano”. Як і кожны год, у чацвёртую суботу лістапада, ва Украіне ўзгадвалі падзеі 1929-1933 гг., калі ў выніку дзеянняў савецкага рэжыму загінулі мільёны жыхароў краіны, вядомай як “збожжасховішча Еўропы”.

У апошняе лета тых жудасных гадоў, 7 ліпеня 1933 г. “L’Osservatore Romano” апавядала сваім чытачам, як на тэрыторыі Украіны праводзіліся судовыя працэсы адносна сялян, якія сабатавалі новыя дэкрэты Сталіна аб здачы збожжа: масавае вынясення смяротных прысудаў і іх неадкладнае выкананне былі іх наступствамі. 

“Тэрор быў жудасным. Украінская савецкая прэса змясціла загад ГПУ, які можа здацца жартам, калі б не яго публікацыя ў афіцыйных выданнях. Паводле гэтага дэкрэту, сялянам забаранялася з’яўляцца ў гарадах, акрамя выключных выпадкаў ці неадкладнай патрэбы і толькі пры наяўнасці пропуску, выдадзенага мясцовым саветам. У тлумачэнні адзначалася, што прычынай такога рашэння паслужыў вялікі наплыў сялян на гарадскія кірмашы, з мэтай набыцця або папрашайніцтва прадуктаў харчавання, што сур’ёзна перашкаджае забеспячэнню гарадоў. Гэты факт можа лічыцца адзіным у сусветнай гісторыі: бачыць вытворцаў харчавання, якія спрабуюць знайсці ежу ў спажыўцоў!”, пісала ў 1933 г. ватыканская газета.

Сённяшняя “L’Osservatore Romano” прыводзіць таксама словы, якія ў 2003 г. св. Ян Павел ІІ скіраваў да ўкраінскіх каталіцкіх іерархаў, з нагоды 70-годдзя Галадамору. “Успамін драматычных падзей народу, акрамя таго, што сам па сабе з’яўляецца абавязковым, становіцца як ніколі важным, каб абудзіць у новых пакаленняў імкненне пры любых абставінах заставацца пільнымі вартаўнікамі годнасці кожнага чалавека”, - напісаў тады Пантыфік.








All the contents on this site are copyrighted ©.