2016-11-30 15:48:00

Папа на Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях


Божы народ патрабуе пастыраў, “місійных вучняў”, якія прысвячаюць сваё жыццё служэнню Евангеллю, падкрэсліў Святы Айцец ў пасланні з нагоды Сусветнага дня малітваў аб пакліканнях, які будзе адзначацца ў Каталіцкім Касцёле 7 мая 2017 г. Яно было апублікавана 30 лістапада 2016 г.

Паводле Папы, хрысціянскае пакліканне патрабуе ад чалавека выйсці за свае рамкі і, слухаючы голас Бога, наследаваць Езуса Хрыста. Каб яго распазнаць, патрэбна блізкасць з Панам, якая нараджае няўрымслівае жаданне несці Добрую Навіну братам, праз евангелізацыю і міласэрнае служэнне.

Менавіта адносіны з Богам падштурхоўваюць ісці ў свет у якасці прарокаў Яго слова і сведкаў Яго любові. Кожны хрысціянін – гэта той, хто нясе Хрыста братам. Гэта асаблівым чынам тычыцца пакліканых да кансэкраванага жыцця і святароў, напісаў Францішак.

Па словах Святога Айца, быць “місійнымі вучнямі”, значыць абвяшчаць Божае слова і станавіцца “прыладай збаўлення” для братоў, адчуваць жывую прысутнасць Езуса, які працягвае крочыць побач, як у сітуацыі з вучнямі з Эмаўс, а таксама з даверам глядзець на Пана, які пераўзыходзіць усе людскія чаканні і здзіўляе сваёю шчодрасцю, дазваляючы прарасці плёнам працы, насуперак чалавечым разлікам. 

Францішак адзначыў, што для “місійных вучняў” важна шмат маліцца, слухаць Божае слова і клапаціцца пра асабістыя адносіны з Панам у эўхарыстычнай адарацыі. Сёння існуе велізарная патрэба ў закаханых у Евангелле пастырах, якія будуць жывым знакам міласэрнага Бога, перакананы Пантыфік.  








All the contents on this site are copyrighted ©.