2016-11-28 10:57:00

У Ватыкане выйдзе марка да 80-годдзя Францішка


З нагоды на 80-га Дня нараджэння папы Францішка, які будзе адзначацца 17 снежня 2016 г., Філатэлістычна-нумізматычнае бюро Дзяржавы Ватыкан рыхтуе да выхаду адмысловую паштоўку з памятнай маркай і пячаткай. Набор прадстаўляе юбіляра ў жэсце благаслаўлення на фоне статуі Маці Божай з Лухан – апякункі Аргентыны. За Папам змешчаны фрагмент алтара базылікі св. Пятра. Аўтарам кампазіцыі з’яўляецца сучасны іспанскі мастак Рауль Берсоса, які спецыялізуецца ў сакральным мастацтве, асабліва на біблійныя тэмы.

Філатэлістычны набор, як падкрэсліваецца ў спецыяльным паведамленні ватыканскага Бюро, выкананы ў рэалістычнай тэхніцы, але носіць і сімвалічныя рысы: Францішка, які благаславіць, промні ад абраза Маці Божай, якія асвятляюць твар Папы, фрагмент алтара з ватыканскай базылікі, што сімвалізуе духоўны аўтарытэт Пантыфіка ў якасці галавы Каталіцкага Касцёла. Усё вытрымана ў блакітным – марыйным, і бела-жоўтым – папскім, колерах.

Стваральнік праекта, Рауль Берсоса даўно супрацоўнічае з Ватыканам, рэгулярна праектуючы вокладкі для кніг, якія выдаюцца з нагоды касцёльных урачыстасцяў, напрыклад, беатыфікацый і кананізацый, а таксама выконвае замовы Філатэлістычна-нумізматычнага бюро. Яго працы ўпрыгожваюць многія касцёлы ў Іспаніі і за мяжой: у ЗША, Гватэмале, Італіі, Францыі і іншых краінах.

Цяперашні Пантыфік нарадзіўся 17 снежня 1936 г. у Буэнас-Айрэсе ў сям’і італьянскіх эмігрантаў з П’емонта, атрымаў святарскае пасвячэнне як член Таварыства Езуса 13 снежня 1969 г. Быў правінцыялам ордэна ў Аргентыне. 28 лютага 1998 г. стаў арцыбіскупам Буэнас-Айрэса. На кансісторыі 21 лютага 2001 г. Ян Павел ІІ уключыў яго ў Калегію кардыналаў. 13 сакавіка 2013 г. кардынал Берголіа быў абраны Папам і прыняў імя Францішак. Ён з’яўляецца першым Біскупам Рыма з такім імем і першым езуітам на Пасадзе св. Пятра.








All the contents on this site are copyrighted ©.