2016-11-28 13:58:00

Папа падзякаваў арганізатарам падзей Года Міласэрнасці


Пантыфік падзякаваў арганізатарам мерапрыемстваў у рамках Юбілейнага Года Міласэрнасці. 28 лістапада 2016 г. у Ватыкане ён прыняў асоб, якія непасрэдна працавалі над падрыхтоўкай сустрэч у яго рамках. Групу ўзначаліў арцыбіскуп Рына Фізікела, старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі. 

Францішак прызнаўся, што ў падставе абвяшчэння Святога Году ляжала яго “простая інтуіцыя” і разуменне, што Бог заўсёды здзіўляе і выходзіць за рамкі нашых чаканняў. Гэты час стаў “нечым сапраўды незвычайным”, калі міласэрнасць упісалася ў паўсядзённасць вернікаў і стала “пастаянным стылем жыцця”.

Папа скарыстаўся магчымасцю, каб падзякаваць уладам Італіі і Рыма, у прыватнасці, міністру ўнутраных спраў, кіраўнікам і супрацоўнікам паліцыі, якія разам з Ватыканскай жандармерыяй гарантавалі бяспеку. Яго падзяка прагучала і ў адрас шматлікіх валанцёраў з розных частак свету. 

“З вашай прыхільнасцю вы не толькі прапанавалі свой кампетэнтны ўклад, але і рэальна сведчылі паслугу міласэрнасці мільёнам пілігрымаў, якія прыбылі ў Рым. Няхай ваша праца будзе ўзнагароджана досведам міласэрнасці, якую Пан шчодра вылівае”, - пажадаў Папа арганізатарам мерапрыемстваў Года Міласэрнасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.